8 лiстапада 2024, Пятніца, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справу аб выкраданні генерала Захаранкі будзе весці новы следчы

7

На 10-м годзе з дня знікнення Юрыя Захаранкі расследаванне яго справы даручылі весці ўжо трэцяму следчаму.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак, які прадстаўляе інтэрасы сям'і Захаранкі, 29 снежня ён атрымаў апавяшчэнне, што расследаванне справы аб знікненні экс-кіраўніка МУС Беларусі падоўжанае да 24 сакавіка 2009 года. Расследаваннем будзе займацца следчы па найважнейшых справах пракуратуры Менска, малодшы дарадца юстыцыі Ю.В. Вараўка.

«За 10 гадоў следчы памяняўся ўжо ў трэці раз, па званні ён крыху вышэй за ранейшых – Дзмітрыя Кухарчыка і Уладзіміра Чумачэнку. Магчыма, пракуратура хоча паказаць, што нібыта будзе расследаваць справу Захаранкі. Але для таго, каб давесці, што расследаванне праходзіць сапраўды аб'ектыўна, новаму следчаму неабходна дапытаць былых службовых асобаў Шэймана, Паўлічэнку, Сівакова і цяперашняга кіраўніка МУС Навумава. Калі яны не будуць дапытаныя, дык, значыць, справа зноў будзе весціся, як і мінулыя гады. Расследаванне доўжыцца ўжо 10 гадоў! Самае працяглае расследаванне крымінальнай справы ў Беларусі. Ніякіх больш пашыраных апавяшчэнняў аб тым, як ідзе расследаванне, мы не атрымалі, нягледзячы на нашыя заўсёдныя запыты», -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак.

Нагадаем, былы міністр унутраных справаў і адзін з лідэраў апазіцыі Юры Захаранка знік у траўні 1999 года. Шмат хто ў Беларусі і ў свеце лічыць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не скончанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя.

Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітры Паўлічэнка, экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках