15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфацэнтр Рады Еўропы ў Менску пачынае кампанію супраць смяротнага пакарання

8

10 кастрычніка, у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы ў Менску пачаў кампанію пад назвай «За адмену смяротнага пакарання».

Як паведаміў БелаПАН дырэктар інфапункта Ігар Горскі, у межах кампаніі па беларускіх тэлеканалах будзе дэманстравацца 45-секундны тэлевізійны ролік, асноўны сэнс якога заключаецца ў тым, што смяротнае пакаранне не з'яўляецца застрашваннем і перашкодай для злачынцаў. Таксама гэты ролік будзе дэманстравацца па ВК-тэлевізарах у адміністрацыйных будынках і бізнэс-цэнтрах Менска. Сацыяльная рэклама будзе размешчаная на білбордах у сталіцы і абласных цэнтрах, у тым ліку ў вну.

На працягу апошніх 30 гадоў Рада Еўропы прыкладаля велізарныя высілкі, каб дамагчыся адмены смяротнага пакарання ў Еўропе. За апошнія 10 гадоў ні ў воднай з 47 краінаў — удзельніцаў Рады Еўропы не быў выкананы смяротны прысуд. У большасці гэтых краінаў смяротнае пакаранне забароненае законам. У Радзе Еўропы лічаць важным замацаваць гэтую практыку ў Еўропе і працягваць дамагацца забароны на смяротнае пакаранне ва ўсім свеце.

На дадзены момант Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца вышэйшая мера пакарання. Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» правяла публічныя акцыі ў будынкаў беларускіх амбасадаў у Маскве, Кіеве і Кішынёве.

Падчас акцыяў у амбасады была перададзеная петыцыя з заклікам неадкладна ўвесці мараторый на вынясенне смяротных прысудаў і выкананне пакаранняў смерцю, а таксама неадкладна замяніць усе вынесеныя смяротныя прысуды тэрмінамі пазбаўлення волі.

Варта адзначыць, што Еўразвяз і Рада Еўропы неаднаразова заклікалі беларускія ўлады адмяніць вышэйшую меру пакарання ці ўвесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў.

Акрамя таго, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў чэрвені прыняла рэзалюцыю, паводле якой беларускаму парламенту можа быць вернуты статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ толькі пасля таго, як Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках