28 снежня 2024, Субота, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Бузэк: Асновай Еўразвяза павінна быць салідарнасць

Ежы Бузэк: Асновай Еўразвяза павінна быць салідарнасць

Старшыня Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэк нагадаў, што ў справе энергетычнай бяспекі трэба чуць нават голас самых маленькіх краінаў.

У сваёй прамове 14 кастрычніка, на адкрыцці канферэнцыі ў Брусэлі, прысвечанай 70-годдзю пакта Молатава-Рыбентропа, Ежы Бузэк падкрэсліў, што сёння асновай ЕЗ павінна быць салідарнасць, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь» са спасылкай на Delfi.

«Салідарнасць ва ўсіх формах – не толькі эканамічная, сацыяльная, але і палітычная. Зараз як ніколі раней нам трэба размаўляць у адзін голас як у ЕЗ, так і за яго межамі», – сцвярджаў Бузэк.

«Калі ідзе гаворка пра газаправод па дне Балтыйскага мора, павінны чуць нават голас самых маленькіх гэтак жа, як вялікіх чальцоў», – сказаў старшыня ЕП.

У сераду ў Еўрапейскім Парламенце праходзіць канферэнцыя «Еўропа праз 70 гадоў пасля пакта Молатава-Рыбентропа». Яе падрыхтавалі парламентары балтыйскіх краінаў разам з Еўрапарламентам і Еўракамісіяй.

Спікер літоўскага парламента Ірэна Дэгутэне заявіла, што ацэнка таталітарных рэжымаў і, самае галоўнае, іх наступстваў, павінна стаць часткай агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці, агульнай сістэмы каштоўнасцяў. Так Дэгутэне сказала ў сераду, 14 кастрычніка, на адкрыцці канферэнцыі ў Брусэлі, прысвечанай 70-годдзю пакта Молатава-Рыбентропа.

«Гісторыю Еўропы ў ХХ стагоддзя вызначылі два таталітарныя рэжымы – нацызм і сталінізм. Сёлета мы адзначаем дзве сімвалічныя даты, якія азначаюць раскол Еўропы і яе аб'яднанне: гэта 70-годдзе падпісання пакта Молатава-Рыбентропа і 20-ю гадавіну падзення «жалезнай заслоны», – сказала Дэгутэне.

Яна падкрэсліла, што нашай мэтай павінна стаць адзіная Еўропа, якая абапіраецца на адзінае тлумачэнне гісторыі. «З гэтай прычыны важна мець і агульны погляд на злачынствы таталітарных рэжымаў, якія растапталі правы і свабоды чалавека», – сцвярджала кіраўнік літоўскага парламента.

Яна нагадала, што савецкая акупацыя і сталінскі тэрор адабралі ў Літвы кожнага трэцяга жыхара.

«Калі б не вайна і не акупацыя, сёння ў Літве было б не 3,5 млн., а каля 5 млн. жыхароў – прыкладна столькі, колькі зараз жыве ў Фінляндыі ці Даніі, – сказала Дэгутэне. – Самы вялікі боль нам прычыняюць гэтыя факты, аднак важна ўсвядоміць, што ацэнка сталінскіх злачынстваў важная не толькі для балтыйскіх краінаў ці Усходняй і Цэнтральнай Еўропы – я ўпэўненая, што адэкватная ацэнка злачынстваў таталітарных рэжымаў і, самае галоўнае, іх наступстваў павінна стаць часткай агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці, агульнай сістэмы каштоўнасцяў. Гэта гістарычны шанец лепш усвядоміць наш гістарычны шлях і аднавіць справядлівасць у Еўропе!»

Кіраўнік парламента ўзрадавалася таму, што Рада ЕЗ прыняла дэкларацыю, якая асуджае злачынствы таталітарных рэжымаў, закліку Еўрапарламента абвесціць 23 жніўня Еўрапейскім днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

«Я хацела б падкрэсліць, што ацэнка сталінскага і нацысцкага рэжымаў – гэта не толькі гістарычнае патрабаванне. (...) Мінулае быць можа і справа гісторыкаў, але справядлівасць – гэта палітычны прынцып, таму гэта – справа палітычных супольнасцяў, а таксама справа ўсяго ЕЗ», – сказала ў Брусэлі Дэгутэне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках