15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія Дзяды Марозы здаліся ў пракуратуру (Фота)

60
Беларускія Дзяды Марозы здаліся ў пракуратуру (Фота)

Асацыяцыя Дзядоў Марозаў здалася ў Генпракуратуру з чыстасардэчным прызнаннем у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

15 кастрычніка 15 беларускіх праваабаронцаў, апрануўшы касцюмы Дзядоў Марозаў і Снягурак, прыйшлі да Генеральнай пракуратуры і перадалі зварот.

У ім гаворыцца, што ўсе ўдзельнікі акцыі маюць дачыненне да незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў Марозаў. «Цягам многіх гадоў мы ажыццяўляем наступную дзейнасць: ладзім святкаванне Новага года ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджваем падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаем на сходах, а таксама ў прэсе з віншаваннямі», — гаворыцца ў звароце да генпракурора, перадае БелаПАН.

Паводле ўдзельнікаў акцыі, ім стала вядома, што ў Беларусі забаронена дзейнасць ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі і за такую дзейнасць прадугледжана адказанасць у адпаведансці з артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэкса. «Улічваючы гэта, мы вырашылі прызнацца ў дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў Марозаў і нашай датычнасці да яе. Просім даць прававую ацэнку нашым дзеянням», — пішуць аўтары звароту.

Пад зваротам падпісаліся вядомыя беларускія праваабаронцы. У прыватнасці, Валер Шчукін паведаміў, што «гатовы адбываць пакаранне за тое, што з’яўляецца Дзедам Марозам». Юрыст Юры Чавусаў заявіў, што артыкул 193-1 «абсурдны» і патрэбна яго скасаванне. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што акцыя скіравана на тое, каб паказаць непрымальнасць артыкула 193-1 у сучасным грамадстве, бо пад адказансць па гэтым артыкуле можа трапіць любая група людзей.

Падчас акцыі невядомы ў цывільным спрабаваў затрымаць фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна.

Гэты чалавек не назваў сябе, схапіў Грыдзіна за куртку і заявіў, што фатограф здымае «рэжымны аб’ект», якім з’яўляецца будынак Генеральнай пракуратуры. Чалавек у цывільным праглядзеў фотаздымкі Грыдзіна і, пераканаўшыся, што здымка будынка не было, адпусціў яго.

Нагадаем, што паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які дзейнічае ў Беларусі ўжо некалькі гадоў, у Беларусі да пазбаўлення і абмежавання волі былі прысуджаныя дзесяткі актывістаў апазіцыі і праваабарончых арганізацый.

Фота Наша Нiва

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках