14 лiстапада 2024, Чацвер, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязня Аўтуховіча яшчэ не азнаёмілі з яго справай

3

Заяву генеральнай пракуратуры адносна хуткай перадачы справы Мікалая Аўтуховіча ў суд сваякі арыштаваных па гэтай справе людзей ставяць пад сумнеў.

Нагадаем, што 14 кастрычніка намеснік генеральнага пракурора Беларусі Віктар Конан заявіў, што хуткім часам справа палітвязня Аўтуховіча будзе перададзеная ў суд.

Аднак, як паведаміла «Радыё Свабода» дачка былога супрацоўніка ваўкавыскай падатковай інспекцыі Уладзіміра Асіпенкі, які фігуруе ў справе Мікалая Аўтуховіча, яе бацька яшчэ не пачынаў знаёміцца са справай. Людміла Асіпенка спасылаецца на ліст з турмы.

«Я ўчора атрымала ад яго ліст, і ён піша, што нічога пакуль яшчэ не было, азнаямленне са справай не пачыналася», -- распавяла Людміла Асіпенка.

Дачка палітвязня сцвярджае, што яе бацьку так і не было выстаўлена іншае абвінавачванне.

Тое ж самае заяўляе і праваабаронца Алег Воўчак. Паводле яго словаў, у следства не хапае доказаў, каб выставіць новае абвінавачванне, у прыватнасці, адносна падрыхтоўкі да тэракта.

«Калі б маглі выставіць, дык ўжо б выставілі, -- кажа Алег Воўчак. -- Але на сёння ў Аўтуховіча і Асіпенкі застаюцца раней выстаўленыя ім абвінавачванні. У Аўтуховіча – падпал дома супрацоўніка ваўкавыскай міліцыі Кацубы і гаражу з аўтамабілем падатковага інспектара Мандзіка, а ў Асіпенкі - застаецца толькі Мандзік».

Алег Воўчак пракамэнтаваў звесткі пра тое, што ў справе Аўтуховіча з нядаўняга часу фігуруе былы міліцыянт з Гародні Міхаіл Казлоў. Паводле словаў праваабаронцы, менавіта Казлову, які працаваў у аддзеле барацьбы з арганізавай злачыннасцю і карупцыяй гарадзенскай абласной міліцыі, давялося правяраць скаргі Аўтуховіча адносна карумпаванасці супрацоўнікаў Ваўкавыскай падатковай інспекцыі. Па выніках праверкі была заведзена крымінальная справа, аднак да суда яна не дайшла, паколькі была спыненая па загадзе «зверху». Цяпер Міхаіла Казлова можа чакаць суд, лічыць Алег Воўчак.

Адвакат Павал Сапелка апошні раз бачыў Мікалая Аўтуховіча 12 кастрычніка ў Менскім следчым ізалятары: «Выглядае ён сярэдне: здароўе не стала лепей і быццам не пагоршылася», -- гаворыць адвакат.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары №1 Менска.

Тры месяцы, з 16 красавіка па 16 ліпеня палітвязень Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках