28 снежня 2024, Субота, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бародка: «Я не хачу, каб мае дзеці жылі ў такой краіне»

14

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» арыштоўвалі і збівалі на ўсіх акцыях салідарнасці, але ён працягвае выходзіць на плошчу.

16 кастрычніка Зміцер Бародка быў арыштаваны разам з 22 удзельнікамі акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы. Сёння палітык адказвае на пытанні сайта www.charter97.org.

-- Зміцер, як адбывалася вашае затрыманне? Журналістаў блакавалі амапаўцы ў цывільным, і мы практычна нічога не маглі бачыць…

-- Па вядомым сцэнары. Насупраць людзей з партрэтамі палітвязняў сталі дзесяткі супрацоўнікаў АМАПа, пасля чаго была дадзеная каманда «Працуем!» і нас пачалі хапаць. Збілі з ног, павалілі на зямлю і сталі запіхваць у падагнаныя аўтобусы. У аўтобусах працягнулася збіццё. Гэта агульнавядомая практыка: пакуль затрыманых вязуць у РУУС, яны церпяць здзекі і збіццё з боку амапаўцаў. На маіх вачах білі як мінімум траіх. Білі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, спрабавалі прыдушыць, наносілі ўдары па твары, у яго пайшла кроў.

З 22 затрыманых удзельнікаў акцыі 11 былі актывістамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Калі нас даставілі ў РУУС, амапаўцы з'ехалі, і мы засталіся з супрацоўнікамі міліцыі. У аддзяленні нас зноў паставілі тварам да сцяны з узнятымі рукамі, і мы так прастаялі, не рухаючыся, тры гадзіны. Гэта цяжка і фізічна, і маральна. Гэтая практыка, якая па міжнародных стандартах падпадае пад катаванні, працягваецца з разгону акцыі 9 верасня.

У РУУС зноў адбыўся інцыдэнт з Лябедзькам. Ён паспрабаваў даведацца прозвішчы міліцыянтаў, якія абражалі затрыманых, у адказ яму заламалі рукі і гвалтам адвялі ў асобнае памяшканне – у так званы «бамжатнік». Гэта вядома выклікала абурэнне нашых актывістаў, шмат хто ў знак пратэсту сеў на падлогу і не падпарадкоўваліся вокрыкам з боку міліцыі.

-- Вы прымалі ўдзел у трох апошніх акцыях апазіцыі – 9,16 верасня і 16 кастрычніка. Усе гэтыя акцыі былі жорстка разагнаныя, вас тройчы арыштоўвалі. Ці можна казаць, што ўлады абралі тактыку ўзмацнення рэпрэсіяў супраць іншадумцаў?

-- Безумоўна. Усе тры апошнія акцыі мірных дэманстрантаў неміласэрна збівалі, здзекваліся з іх. Амапаўцы сталі паводзіць сябе значна больш нахабна і брутальна. З'явіліся «наваўвядзенні». Шматгадзіннае катаванне стаяннем без руху ў аддзяленнях міліцыі, пра якое я казаў. Далей – блакаванне працы журналістаў, каб яны не змаглі зафіксаваць на фота і не бачылі беззаконне, якое адбываецца. Я ведаю, што і раней журналістам цяжка было працаваць на акцыях апазіцыі, але зараз гэта адбываецца значна больш нахабна – ім проста нічога не даюць здымаць! Улады не хочуць, каб былі сведчанні таго, як з нас здзуюцца. Фота і відэарэпартажы, якія паказваюць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі, псуюць імідж улады, якая спрабуе апрануцца ў дэмакратычную вопратку і паказаць што ў нас усё добра, хаця, у прынцыпе, нічога не змяняецца.

Вельмі шкада, што гэтага не разумеюць некаторыя палітыкі ў Еўропе. Ці не хочуць разумець. Лукашэнкаўская дыктатура прытрымваецца раз і назаўжды абранага курсу, і ад яго не адыходзіць ні на крок. Вельмі хацелася б, каб еўрапейскія палітыкі таксама не адыходзілі ад сваіх прынцыпаў і не падладжаваліся да дыктатуры.

-- Зміцер, вядома, што ў вас трое дзяцей. Вы не баіцеся вось так выходзіць кожны раз на дэманстрацыі, падстаўляцца пад дубінкі, быць арыштаваным?

-- Вядома, баюся. Я баюся, што мяне могуць надоўга разлучыць з маімі дзецьмі. Яны яшчэ зусім маленькія, і я кожны раз думаю пра тое, як бы хутчэй да іх вярнуцца. Мне і міліцыянты кажуць: маўляў, вось у цябе трое дзяцей, чаго ты сюды прыходзіш, цябе ж могуць пасадзіць на суткі, ты ж павінен дзяцей выхоўваць. Я доўга думаў пра гэта. А потым зразумеў. Трэба выходзіць, трэба казаць праўду пра той рэжым, трэба паказваць прыклад астатнім. Але галоўная прычына, чаму я хадзіў і буду хадзіць на акцыі пратэсту - я не хачу, каб мае дзеці жылі ў такой краіне, я хачу, каб яны жылі ў нармальнай цывілізаванай дзяржаве – у еўрапейскай Беларусі.

Зміцер Бародка пасля збіцця на акцыі салідарнасці ў Менску, 16 лютага 2009 года

Зміцер Бародка на акцыі салідарнасці 16 верасня 2009 года

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках