15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прадае Менскі гадзіннікавы завод банкруту

27

Пагадненне беларускага кіраўніка з кампаніяй «Франк Мюлер» выклікае больш пытанняў, чым адказаў.

У мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў магчымасць продажу Менскага гадзіннікавага заводу швейцарскай кампаніі - «Франк Мюлер».

Як піша БДГ, незразумела: навошта кампаніі «Франк Мюлер», якой у швейцарскай прэсе прадракаюць банкруцтва, спатрэбілася купляць беларускі гадзіннікавы завод.

Кампанія «Франк Мюлер» з'явілася ў далёкім 1991 годзе, яе заснавалі Франк Мюллер і Вартан Сірмакес. У 1990-я кампанія развівалася вельмі паспяхова: колькасць вытворчых цэхаў павялічвалася, крамы па ўсім свеце адкрываліся, выручка расла.

Шмат гадоў швейцарская кампанія значных праблемаў не мела. Топ-мэнэджары вырашалі пытанні мірна, буйных узрушэнняў унутры кампаніі не было. Першыя сур'ёзныя непрыемнасці здарыліся на мяжы 2003-2004 гадоў, калі паміж уладальнікамі кампаніі выбухнуў канфлікт. Вынікам канфлікту стаў адыход Франка Мюлера ад справаў юрыдычнай асобы. Кампаніяй пачынае аднаасобна кіраваць армянскі бізнэсмэн Вартан Сірмакес.

У 2007 годзе «Франк Мюлер» сутыкнуўся з першай сур'ёзнай маркетынгавай праблемай – попыт на прадукцыю знізіўся на 25%. Далей – болей: у 2008 годзе попыт знізіўся на 75%. У выніку гэтага кампанія сутыкнулася з вострымі фінансавымі цяжкасцямі: рэалізацыя прадукцыі знізілася, а выдаткі заставаліся на ранейшым узроўні. З вясны 2009 года кіраўніцтва кампаніі «Франк Мюлер» пачало праводзіць масавыя звальненні персанала: на вуліцы апынуліся больш за 250 чалавек.

Швейцарскі ўплывовы эканамічны часопіс Bilan у вераснёвым нумары за гэты год паведамляе, што ў цяперашні час кампанія «Франк Мюлер» знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы, бо складскія запасы перавышаюць гадавы аб'ём вытворчасці, а доўг па падатковых плацяжах складае 300 млн. швейцарскіх франкаў. «Заўсёднікі штаб-кватэры кампаніі «Франк Мюлер» адзначаюць атмасферу, характэрную для канца каралеўства», - піша ў вераснёвым нумары швейцарскі часопіс Bilan.

Між тым, пакуль у Швейцарыі назіральнікі абмяркоўваюць цяжкое становішча «Франк Мюлер», у Менску гэтую швейцарскую кампанію разглядалі ў якасці стратэгічнага інвестара Менскага гадзіннікавага заводу. У другой палове верасня СМІ паведамілі, што швейцарская кампанія гатовая набыць Менскі гадзіннікавы завод за 10 млн. даляраў.

Гэты праект у журналісцкіх колах выклікаў абгрунтаваную насцярожанасць. Справа ў тым, што Менскі гадзіннікавы завод хоць і вельмі праблемнае беларускае прадпрыемства, але займае пры гэтым некалькі дзесяткаў тысячаў квадратных метраў. Атрымліваецца, што велізарны будынак разам з неблагім участкам зямлі (30 гектараў) дастанецца швейцарскай кампаніі ўсяго за 10 млн. даляраў. Паводле прыблізных разлікаў, гэтая сума ў 10 разоў меншая за тую, якую павінен заплаціць інвестар, купляючы будынак Менскага гадзіннікавага заводу па рынкавым кошце.

Аднак, на гэтую акалічнасць можна заплюшчыць вочы з улікам таго, што Менскі гадзіннікавы завод знаходзіцца ў праблемным фінансавым становішчы і на яго мадэрнізацыю любому інвестару спатрэбіцца ўкласці нямала грошай. Дарэчы, прадстаўнікі Менскага гадзіннікавага заводу раней паведамілі, што швейцарская кампанія «Франк Мюлер» пасля набыцця беларускага прадпрыемства ўкладзе ў яго развіццё 60 млн. даляраў. Але тут узнікае іншае сур'ёзнае пытанне: адкуль у швейцарскай кампаніі, якая ў сябе на радзіме ў даўгах як у шаўках, знойдуцца такія грошы на інвеставанне. Тым больш, што паводле звестак швейцарскай прэсы, банкі перасталі крэдытаваць вытворцу гадзіннікаў яшчэ ў 2008 годзе.

Швейцарскія назіральнікі не выключаюць, што ў сувязі з цяжкім фінансавым становішчам кампаніі «Франк Мюлер» Вартан Сірмакес можа пайсці на перанос гадзіннікавай вытворчасці за мяжу. Швейцарская газета Tribune De Geneve у чэрвені гэтага года паведамляла, што станочны парк кампаніі «Франк Мюлер» рыхтуецца да пераезду. Швейцарскія прафсаюзы гэтую інфармацыю пацвярджаюць. У Швейцарыі думаюць, што ўладальнік гадзіннікавай кампаніі Вартан Сірмакес збіраецца перакінуць прадпрыемства ў Арменію, адкуль ён паходзіць. З іншага боку, плошчы Менскага гадзіннікавага заводу, які гатовы сёння набыць Вартан Сірмакес, дазваляюць лёгка змясціць тую вытворчую базу, якой валодае «Франк Мюлер» у Швейцарыі.

Як бы там ні было, сітуацыя з намерамі швейцарскага інвестара на беларускім накірунку павінна хутка высветліцца. У мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Менскі гадзіннікавы завод, сказаў Вартану Сірмакесу, што чакае ад швейцарскага інвестара канкрэтных прапановаў у хуткім часе. Да 15 снежня «Франк Мюлер» павінен падаць на стол Аляксандру Лукашэнку праекты асноўных дакументаў. Пасля гэтага беларускі кіраўнік можа ізноў сустрэцца з Вартаном Сірмакесам. Калі палічыць патрэбным.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках