29 снежня 2024, Нядзеля, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мілінкевіч: Улада стала менш рэпрэсаваць

103

Пра гэта лідэр руху «За Свабоду» заявіў праз два дні пасля жорсткага разгону і арыштаў падчас акцыі салідарнасці ў Менску.

19 кастрычніка ў эфіры «Радыё Свабода» лідэру руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу было зададзенае наступнае пытанне: «Крытыкі цяперашняй палітыкі Еўразвяза заяўляюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за гэты час, са жніўня-верасня мінулага года, у Беларусі не палепшылася, а, магчыма, нават пагоршылася. Лукашэнка праядае крэдыты МВФ і еўрапейскія грошы, не лічачы патрэбным ісці на саступкі ў сферы лібералізацыі. У выніку атрымліваецца адно ўмацаванне дыктатуры на заходнія грошы – кажуць апаненты новай еўрапейскай палітыкі і вашыя апаненты. Ці маюць яны рацыю?»

На гэтае пытанне Аляксандр Мілінкевіч адказаў:

«Я не пагаджуся з такой пазіцыяй. Я не лічу, што Беларусь ужо свабодная і дэмакратычная краіна, але пэўныя зрухі ў атмасферы грамадскага, палітычнага жыцця ёсць. Яны неадназначныя, аднак, ёсць лічбы. Беларускія праваабаронцы падлічылі, што колькасць зваротаў да іх рэпрэсаваных людзей за 4 месяцы гэтага года ў параўнанні з чатырма месяцамі мінулага года зменшылася ў разы. Гэта не значыць, што ўлада стала ў тры разы менш рэпрэсаваць, але стала рэпрэсаваць усё ж менш і больш асцярожна, мы ведаем такую з'яву, як палітычны прызыў у армію, з'явіўся палітвязень Дубскі. Таму, я б не сказаў, што стала горш. Стала нязначна лепш. Але мы павінны змагацца, каб улада была вымушаная рабіць гэтыя крокі. Магу цвёрда сказаць, што сярод дэмакратычных актывістаў страху стала менш».

Нагадаем, што 16 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Менска была разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязнямі і зніклымі палітыкамі. Былі арыштаваныя 22 актывісты апазіцыі, збіты да крыві лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пры гэтым спецслужбы цалкам блакавалі працу журналістаў – да кожнага прадстаўніка СМІ былі прыстаўленыя 3-5 амапаўцаў, якія закрывалі рукамі аб'ектывы фота- і тэлекамераў, адштурхоўвалі і нават збівалі журналістаў.

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках