16 лiстапада 2024, Субота, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнтам-ядзершчыкам не далі падвышаныя стыпендыі

3

Першае абяцанне будучым працаўнікам беларускай АЭС пакуль не выканана.

Сёння ў чатырох беларускіх ВНУ — БДУ, БНТУ, БДУІР і МДЭУ імя Сахарава — навучаецца некалькі соцень студэнтаў, якія змогуць працаваць на першай беларускай АЭС. Паколькі будучых спецыялістаў чакае падвышаная адказнасць, ім вырашылі стварыць больш спрыяльныя ўмовы навучання. У тым ліку — падвысіць стыпендыю (на 30-50%). Пра гэта на прэс-канферэнцыі «Кадры для ядзернай энергетыкі: патрэбы беларускай АЭС, перспектывы падрыхтоўкі» яшчэ напрыканцы ліпеня гаварыў начальнік ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Місюк.

Як даведалася «Еўрарадыё», Міністэрства адукацыі ўжо не ў першы раз звяртаецца з такімі прапановамі ў Міністэрства фінансаў.

«Справа ў тым, што зацверджана праграма развіцця ядзернай энергетыкі. І ў гэтай праграме ёсць такое мерапрыемства, як падвышэнне памераў стыпендыі. Зараз мы працуем з Міністэрствам фінансаў, і пакуль яшчэ пытанне не вырашана. Пра канкрэтны памер падвышэння яшчэ няма дамоўленасці», — расказала начальнік аддзела працы і зарабатнай платы ўпраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Вера Слуянава.

Тым часам на хімфаку БДУ знайшлі магчымасць даплаціць 34 студэнтам-ядзершчыкам. Гэты факт пацвердзіў Васілій Мяцеліца, метадыст па арганізацыйнай і выхаваўчай працы хімфака БДУ:

«За тры месяцы атрымалі. Наколькі больш — раз рашэнне не прынята, не магу сказаць. Усё, як кажуць, у руках урада».

А вось студэнтам БНТУ пашанцавала менш: «Такая ж стыпендыя, як і ва ўсіх нашых студэнтаў. Калі толькі будзе, дык сказалі, з новага году», - распавялі ў вну.

Ніякіх даплат будучыя ядзершчыкі не дачакаліся і ў МДЭУ імя Сахарава.

Дарэчы, на сённяшні дзень мінімальная навучальная стыпендыя ў беларускіх вышэйшых навучальных установах складае 97,6 тыс. рублёў, максімальная — 156,3 тыс. (праўда, у вядучых ВНУ, якія вызначаны пастановай урада, стыпендыя на 15%, а ў БДУ — на 30% большая за астатнія). Апошні раз яна вырасла 1 снежня 2008 года. Як патлумачыла начальнік ўпраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Лідзія Субоцкая, стыпендыя падвышаецца разам са стаўкай першага разрада.

Як вядома, урад цягам года неаднаразова вяртаўся да абмеркавання гэтага пытання, якое ставіцца ў залежнасць ад сітуацыі ў эканоміцы, у тым ліку ад ўзроўню інфляцыі. «Еўрарадыё» паспрабавала даведацца, калі можна чакаць падвышэння стаўкі першага разрада (а, значыць, і падвышэння стыпендыі). Адказ Міністэрства працы і сацыяльнай абароны быў красамоўны: «Вам такую інфармацыю не скажа ніводная ўстанова».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках