16 лiстапада 2024, Субота, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хрысціянскія дэмакраты будуць судзіцца з БТ

2

Сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» заявілі, што звярнуліся ў суд Першамайскага раёна з нагоды сюжэту ў праграме «Панарама».

27 і 28 верасня ў праграме «Панарама» дэманстраваўся сюжэт, які закранае гонар і годнасць арганізатараў БХД, паведамляе БелаПАН.

Як сцвярджае Павал Севярынец, сутнасць сюжэту ў тым, што БХД «з'яўляецца сектанцкай арганізацыяй, а перакананні сябраў аргкамітэта далёкія ад хрысціянскіх каштоўнасцяў».

«Мы лічым, што спроба дыскрэдытаваць БХД менавіта зараз невыпадковая: мы рыхтуемся да правядзення чарговага ўстаноўчага з'езду. Яшчэ больш нас абурае тое, што гэты сюжэт быў паказаны ў адным звязку з візітам у Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла», — сказаў Севярынец.

Палітык паведаміў, што два тыдні таму сустаршыні аргкамітэта звярнуліся да кіраўніцтва тэлеканала з патрабаваннем абвергнуць хлуслівую інфармацыю пра БХД, якая прагучала ў тэлесюжэце.

«Паводле заканадаўства, Белтэлерадыёкампанія была абавязаная на працягу пяці дзён абвергнуць інфармацыю альбо на працягу дзесяці дзён — адмовіць заяўнікам. Аднак наш зварот застаўся без адказу. Вось чаму мы звярнуліся ў суд з патрабаваннем прымусіць тэлеканал абвергнуць хлуслівую інфармацыю», — сказаў Севярынец.

Ён адзначыў, што заяўнікі «не цешаць сябе ілюзіямі, што гэтая справа будзе разгледжаная справядліва, аднак робяць гэта для гісторыі і тых беларусаў, якія сочаць за сітуацыяй у краіне».

Нагадаем, устаноўчы з'езд па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» адбыўся ў Менску 28 лютага 2009 года. 12 траўня Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі, а 22 ліпеня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу аргкамітэта па стварэнні БХД на рашэнне Мінюста. Чарговы ўстаноўчы з'езд партыі плануецца правесці 31 кастрычніка ў Менску.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках