15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Стакгольме заклікаюць не прызнаваць слуханні па будаўніцтве АЭС у Беларусі

2

Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі па праблеме ядзерных адходаў заклікалі ўрад Беларусі і ўрады сваіх краін не прызнаваць грамадскія слуханні аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы.

Міжнародная канферэнцыя па праблеме ядзерных адходаў (50 удзельнікаў з 11 краін), Стакгольм, 17-18 кастрычніка, прыняла рэзалюцыю аб парушэннях правоў чалавека падчас абмеркаванняў праблемы будаўніцтва першай беларускай АЭС у Астраўцы. Сайт www.charter97.org прыводзіць поўны тэкст рэзалюцыі.

«Мы выказваем глыбокую заклапочанасць парушэннем правоў чалавека, падманам і фальсіфікацыяй, дапушчанымі Міністэрствам энергетыкі, гарадской адміністрацыяй і супрацоўнікамі міліцыі падчас так званых «грамадскіх слуханняў па ОВОС АЭС» 9 кастрычніка ў Астраўцы, Беларусь.

Права на доступ да інфармацыі і яе распаўсюд было парушана забаронай аргкамітэта слуханняў на распаўсюд крытычных матэрыялаў падчас мерапрыемства. Тыраж «Крытычных заўваг да ОВОС беларускай АЭС» быў канфіскаваны. Расейскі эколаг, фізік-ядзершчык, эксперт групы «Экаабарона» Андрэй Ажароўскі, у якога знаходзіліся матэрыялы, быў арыштаваны.

Права на пэўную інфармацыю таксама парушана: у афіцыйных матэрыялах ОВОС адзнака магчымых выкідаў радыёнуклідаў прыніжаная ў 320 разоў у параўнанні з сучаснымі еўрапейскімі стандартамі, небяспечныя наступствы выкідаў нават не згаданыя, адсутнічае апісанне абыходжання з ядзернымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам, адсутнічае план вываду станцыі з эксплуатацыі.

Права на ўдзел у прыняцці рашэнняў па экалагічных пытаннях парушана, бо яшчэ да афіцыйнага пачатку рэгістрацыі ўдзельнікаў ў 10:00, зала слуханняў быў запоўнена прыхільнікамі праекту і доступ у залу для іншых жадаючых быў практычна закрыты. Тыя ж праціўнікі праекта, якія здолелі патрапіць у залу, не атрымалі магчымасці выступіць.

Мы заклікаем урад Беларусі і ўрады нашых краін не прызнаваць праведзенае 9 кастрычніка ў Астраўцы праядзернае мерапрыемства сапраўднымі і дэмакратычнымі грамадскімі слуханнямі.

Мы заклікаем урад Беларусі і нашыя нацыянальныя ўрады выконваць патрабаванні Архускай канвенцыі і Канвенцыі Эспа.

Мы выказваем салідарнасць з Антыядзерным рухам Беларусі і заклікаем улады Беларусі ўстрымацца ад рэпрэсій супраць даследнікаў, моладзі, эколагаў і навукоўцаў, выступоўцаў з крытыкай у адрас выкарыстання ядзернай энергіі і ідэі будаўніцтва атамнай станцыі ў краіне, якая мацней за усіх пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Мы перакананыя, што любое развіццё ядзернай энергетыкі ў рэгіёне Балтыйскага мора павінна быць спынена, каб пазбегнуць магчымых аварый, катастроф і радыёактыўнага забруджвання».

Нагадаем, што 9 кастрачніка ў Астраўцы праходзілі грамадскія слуханні, прысвечаныя папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках