29 снежня 2024, Нядзеля, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны вядомы шоў-бізнэсмэн Генадзь Шульман (Абноўлена)

37

Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў беларускага шоў-бізнэсу знаходзіцца ў СІЗА Жодзіна.

Інфармацыю пра арышт Генадзя Шульмана пацвердзіла і яго жонка Святлана. Праўда, шмат распавесці жанчына не змагла. Сказаўшы, што муж сапраўды арыштаваны і што яго падставіў партнёр па бізнэсе, Святлана больш не змагла казаць з-за слёзаў, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на «Ежедневник».

Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Генадзя Шульмана за махлярства ў асабліва буйным памеры, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у пракуратуры Савецкага раёна.

«У дачыненні да Г.Шульмана ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 4. арт. 209 «Махлярства» Крымінальнага кодэкса, яму па гэтым артыкуле прад'яўленае абвінавачванне», - удакладнілі ў пракуратуры.

Іншыя падрабязнасці там паведаміць адмовіліся, удакладніўшы толькі, што «матэрыялы крымінальнай справы звязаныя з прадзюсарскай дзейнасцю».

Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што «4 частка арт. 209 ужываецца, калі гаворка ідзе пра махлярства ад 1000 базавых велічыняў (1 базавая велічыня - Br35 тыс) і вышэй.

Непрыемнасці ў Генадзя Шульмана пачаліся ў траўні 2007 года, калі Гаспадарчым судом Менска было прынятае рашэнне аб пачатку працэдуры банкруцтва прадзюсарскай кампаніі «Клас-Клуб ДК», уладальнікам якой з'яўляецца Шульман. Гэтае прадпрыемства мела дзяржаўную ліцэнзію на гастрольна-канцэртную дзейнасць у Беларусі пад №1.

У дачыненні да ТАА «Клас-Клуб ДК» была адкрытая конкурсная вытворчасць, пасля кіраўнік пачаў збіраць фінансавыя прэтэнзіі даволі шматлікіх крэдытораў.

Як распавядаў «Ежедневнику» у 2007 годзе конкурсны кіраўнік Дзмітры Самусенкаў, праблемы ва ўладальнікаў кампаніі «Клас-Клуб ДК» пачаліся, калі яны не здолелі пагасіць даўгі перад некаторымі сваімі партнёрамі, а таксама перад бюджэтам.

Вестка пра банкруцтва пачынальніка беларускага шоў-бізнэсу стала нечаканасцю шмат для каго. Бо ТАА «Клас-Клуб ДК», якім кіраваў Генадзь Шульман, – адна з нешматлікіх (калі не адзіная) беларускіх кампаніяў, якая працавала з найбуйнейшымі замежнымі канцэртнымі агенцтвамі па ўключэнні Беларусі ў гастрольныя графікі сусветных зорак. Deep Purple, Scorpions, Nazareth, Whitesnake, Robert Plant, DIO, Patricia Kaas, Chris de Burgh – гэта далёка не поўны пералік артыстаў, якіх беларусы маглі пабачыць і пачуць дзякуючы працы кампаніі.

Але і ў Генпракуратуры, і ў Міністэрстве ўнутраных справаў, і ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, які мог мець фінансавыя прэтэнзіі да бізнэсмэна, сказалі, што нічога пра гэтую справу і пра гэты арышт не ведаюць. У зводках яго няма.

Паводле інфармацыі «Ежедневника», Шульман быў арыштаваны па падазрэнні ў здзяйсненні буйнога махлярства. Гаворка можа ісці якраз пра тыя даўгі, па якіх прадзюсар не змог разлічыцца. Знаёмыя Шульмана адзначаюць, што ён сапраўды павінен вельмі шмат каму і вельмі шмат. Верагодней за ўсё, хтосьці стаміўся чакаць і падаў заяву ў праваахоўныя органы.

Даведка

Генадзь Шульман нарадзіўся ў 1960 гозе ў Менску. У 1987 годзе скончыў інстытут культуры па спецыяльнасці «працаўнік культуры і асветы». Да 1991 года працаваў у моладзевым цэнтры «Крыніца» пры ЦК ЛКСМБ (пазней — «Трыюмф» пры абкаме ЛКСБМ). У 1991 годзе стварыў прадзюсарскі цэнтр «Клас-Клуб ДК» і стаў яго дырэктарам.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках