15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Хведарук: «Я быў лепшай думкі пра беларускую армію»

1

Гвалтоўна прызваны ў армію актывіст «Маладога фронту» атрымаў кароткачасовы адпачынак.

Пра сваю службу ў арміі Зміцер Хведарук распавёў у інтэрв'ю Euramost.org.

- Як ваеннае начальства ставіцца да Вас? Як да палітычнага?

- З насцярожанасцю, няшчыра. Увесь час прапаноўваюць казаць пра нейкія недахопы. І ў той жа самы час пачынаюць пра мяне распавядаць розныя байкі салдатам. Ды і без таго імкнуцца не даваць лёгкага жыцця.

- Такое стаўленне толькі да вас ці гэта норма ў арміі?

- Думаю, што толькі да мяне, хоць самаўпраўнасці, вядома, хапае. У арміі няма аднолькавага стаўлення да ўсіх – вось гэта на самой справе норма.

- А ці ёсць такія афіцэры, якія падзяляюць вашыя палітычныя погляды, гутараць з вамі «за жыццё»?

- Ёсць, але я не хацеў бы называць іх прозвішчы, каб не ўскладняць людзям жыццё. Хаця там шмат хто на самой справе ўсё разумее, што адбываецца ў краіне. І што людзей больш за ўсё цікавіць – вера людзей. Ці верым мы ў тое, што робім? Сям'я, вера, стасункі - гэта ўніверсальныя рэчы.

- З салдатамі няма рознагалоссяў?

- Нармальныя стасункі. Нейкіх асабліва спрэчных пытанняў няма. Першы час, вядома, па-рознаму прыходзілася, але затым усё нармалізавалася. Я маю на ўвазе пабытовыя стасункі, тое, што размаўляў на беларускай мове… Плюс камандаванне ўвесь час ва ўсіх дапытвалася пра мяне, што раблю, што кажу. Непрыемна было. Хаця зараз усе ўжо прызвычаіліся – і я, і яны.

- Апазіцыйная прэса да вас трапляе?

- Так, увесь час чытаю «Нашу Ніву», «Новы Час», слухаю «Радыё Свабода»… А вось «Народную Волю» выпісаў, але да мяне не даходзіць. Дзесьці знікае ў канцылярыі.

- Які перыяд у вас быў самы складаны?

- Складаным было, напрыклад, разуменне таго, што я не магу наведваць царкву.

- Вы лічыце, што тэма палітпрызыўнікоў актуальная для грамадства?

- Вядома, актуальная. Таму што ў нас жа ёсць закон, а тут атрымліваецца, што за твае погляды дзяржава праз гэты закон пераступае. У арміі за табой сочаць, назіраюць – гэта такая своеасаблівая «хімія». Зняволенне на вольным пасяленні.

- Шмат якія актывісты, якія знаходзяцца ў арміі, пішуць у Інтэрнэт. Вы гэтым не захапляецеся?

- Я проста нешта запісваю для сябе. Разважанні, ідэі… Публічны дзённік няма жадання весці. А наогул, калі казаць публічна, дык я быў лепшай думкі пра нашую армію.

Нагадаем, што 28 студзеня 2009 года менскі актывіст «Маладога фронту» Зміцер Хведарук быў гвалтоўна дастаўлены ў ваенкамат, а пазней у турму па вуліцы Акрэсціна нібыта для адбыцця пакарання за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Пазней стала вядома, што такой пастановы суду не было. Тым не менш, Хведарука два дні пратрымалі ў турме. Адтуль яго ў кайданках вазілі на медыцынскі агляд у менскую паліклініку №14. Медкамісія прызнала Зміцера Хведарука прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на аперацыю на вене, якая прайшла каля месяца таму, і шэраг хранічных захворванняў.

У кайданках актывіста «Маладога фронту» адвезлі ў вайсковую частку ў Жодзіна – нягледзячы на тое, што ён з'яўляўся студэнтам дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, а таму меў права на адтэрміноўку ад службы ў арміі. Падчас медыцынскага агляду ў яго не было пры сабе ні медыцынскай карты, ні выпіскі хваробаў, ні нават дакумента, які пацвярджае асобу. Пасля гвалтоўнага прызыву Хведарук ужо некалькі разоў трапляў у шпіталь, у яго знайшлі захворванні, з якімі нельга служыць у арміі. Але моладзевага актывіста зноў забралі ў армію.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках