12 лiстапада 2024, aўторак, 22:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Палітыка аднабаковых авансаў дыктатару не дае вынікаў»

19
Андрэй Саннікаў: «Палітыка аднабаковых авансаў дыктатару не дае вынікаў»

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» сустрэўся з прэзідэнтамі краінаў Балтыі ў Рызе.

Чацвёртая Рыжская міжнародная канферэнцыя «Аднаўленне эканомікі ў зменлівай сітуацыі бяспекі: – Трансатлантычны парадак дня-2010» сабрала 23-25 кастрычніка вядучых еўрапейскіх і амерыканскіх экспертаў, даследчыкаў, журналістаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

У цэнтры ўвагі канферэнцыі былі пытанні, звязаныя з эканамічным крызісам і пошукам шляхоў выйсця з яго. Але не толькі сусветны крызіс абмяркоўваўся ўдзельнікамі канферэнцыі – яны казалі і пра новую стратэгічую канцэпцыю НАТА, якая павінна быць прынятая ў наступным годзе, а пра новыя выклікі, якія з'явіліся пасля расейска-грузінскай вайны мінулага года, энергетычную бяспеку, трансатлантычнае супрацоўніцтва.

Традыцыйным для Рыгі быў высокі ўзровень канферэнцыі. Так, у яе заключнай секцыі прынялі ўдзел тры прэзідэнты дзяржаваў Балтыі - Томас Ілвес (Toomas Hendrik Ilves), Валдзіс Затлерс (Valdis Zatlers), Даля Грыбаўскайтэ (Dalia Grybauskaite).

Грамадзянскую кампанію «Еўрапейскую Беларусь» на канферэнцыі прадстаўлялі каардынатары Андрэй Саннікаў і Міхаіл Марыніч.

-- Падчас канферэнцыі атрымалася пагаварыць са шматлікімі палітыкамі, экспертамі, аналітыкамі. Абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі. У прыватнасці адбыліся гутаркі з прэзідэнтамі Латвіі і Эстоніі Валдзісам Затлерсам і Томасам Ілвесам, міністрам замежных справаў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам (Vygaudas Usackas), міністрам замежных справаў Латвіі Марысам Рэкшцінсам (Maris Riekstins), намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам замежных справаў Люксембурга Жанам Асельборгам (Jean Asselborn), прадстаўнікамі Еўракамісіі, чальцамі Еўрапарламента і нацыянальных парламентаў, - паведаміў сайту «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. - На мой погляд, яны добра разумеюць, што Еўропа зрабіла сур'ёзныя крокі ў дыялогу з Лукашэнкам, а беларускі рэжым не зрабіў нічога для выканання сваіх жа абяцанняў. Мы казалі пра наступ на правы і свабоды чалавека, які працягваецца, пра наяўнасць палітвязняў, «беззаконне» пры сілавых разгонах мірных дэманстрацыяў. Пра тое, што сёння ўлады пачалі масавую кампанію супраць журналістаў, спрабуючы перашкодзіць ім фіксаваць збіццё дэманстрантаў, - заявіў палітык.

-- Як вядома, у лістападзе Еўразвязу трэба будзе прыняць рашэнне пра падаўжэнне ці прыпыненне візавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Гэтае пытанне ўзнімалася падчас Вашых сустрэчаў?

-- Так, вельмі важна было абмеркаваць з палітыкамі і аналітыкамі сітуацыю ў Беларусі і данесці да іх адсутнасць якіх-небудзь бачных зменаў у галіне правоў чалавека. Відаць, Еўразвязу трэба задумацца аб цвярозай ацэнцы сваіх высілкаў і падумаць пра нейкія іншыя інструманты ўплыву на беларускі рэжым, паколькі палітыка аднабаковых авансаў не дае вынікаў.

-- Пра што Вы яшчэ гутарылі са сваімі еўрапейскімі калегамі?

-- З дарадцам па Нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Грузіі Экай Ткешэлашвілі (Eka Tkeshelashvili) мы абмеркавалі пытанне аб непрызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Некаторыя еўрапейскія палітыкі вылучаюць гэтае пытанне як ледзь не адзіны крытэр працягу дыялогу з Лукашэнкам, адсоўваючы на задні план прынцыповыя падыходы і стандарты Еўразвяза, датычныя павагі правоў чалавека і дэмакратыі. Гэта не можа нас не турбаваць, паколькі мы бачылі, што Лукашэнка карыстаецца гэтай сітуацыяй для гандлю як з Еўропай, так і з Расеяй. Спадарыня Ткешэлашвілі падкрэсліла, што для іх пытанне непрызнання ПА і Абхазіі з'яўляецца вельмі важным, але гэта ніякім чынам не павінна служыць шырмай для недэмакратычных рэжымаў. Грузія вельмі зацікаўленая ў развіцці дэмакратыі ў рэгіёне. У прыватнасці, у Беларусі. Паколькі, толькі ў гэтым выпадку яна можа разлічваць на падтрымку сваёй дэмакратыі.

Традыцыйна, Рыжская Канферэнцыя характарызуецца абсалютнай адкрытасцю ўдзельнікаў самага высокага ўзроўню, ажыўленымі і гарачымі дыскусіямі. Падчас заключнай, «прэзідэнцкай», дыскусіі каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў задаў пытанне прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайтэ:

-- Спытаў я наступнае: «Спадарыня Прэзідэнт, я думаю, што вы павінны ведаць, што абразілі шматлікіх беларусаў, сустрэўшыся 16 верасня ў Вільні з Лукашэнкам. Гэта адбылося ў той самы дзень, калі ў Беларусі пачыналіся самыя буйныя з савецкіх часоў ваенныя вучэнні ў Еўропе, заяўленай мэтай якіх былі дзяржавы Балтыі. Менавіта ў гэты дзень дзесяць гадоў таму зніклі апазіцыйныя дзеячы Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар. Я ведаю, як балюча іх сваякам было даведацца пра гэтую сустрэчу. У гэты ж дзень, Дзень беларускай салідарнасці, у Менску збілі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі, якія вышлі ўшанаваць памяць зніклых палітыкаў, рэпрэсаваных і палітвязняў. Сёння мы чуем пра нейкія пазітыўныя сігналы, якія нібыта зыходзяць з Беларусі. Можна ў пэўнай ступені пагадзіцца, што летась былі станоўчыя змены, калі былі вызваленыя палітвязні, але адбылося гэта ў выніку жорсткай пазіцыі Злучаных Штатаў па гэтым пытанні. Сёння ніякіх станоўчых зрухаў не адбываецца. У нас ёсць палітвязні, працягваецца пераслед апазіцыі, разганяюць мірныя дэманстрацыі і збіваюць іх удзельнікаў. Больш за тое, сёння беларускі рэжым абраў сваёй мішэнню журналістаў, фізічна перашкаджаючы ім ажыццяўляць свае прафесійныя абавязкі для таго, каб вы не бачылі фатаграфіяў і не чулі рэпартажаў пра тое, што рэальна адбываецца ў Беларусі. Цяперашняя сітуацыя ніяк не адпавядала таму высокаму ўзроўню прызнання дыктатара Лукашэнкі, які забяспечыла вашая з ім сустрэча. Ці сапраўды вы лічыце магчымым змяніць Лукашэнку ці дамагчыся праз яго трансфармацыяў у Беларусі, адсоўваючы на другі план пытанні прынцыпаў, на якіх грунтуецца Еўрапейскі Звяз? ».

І ў адказ на гэта прэзідэнт Літвы паўтарыла вядомыя аргументы, якія мы часта чуем ад некаторых еўрапейскіх палітыкаў, што дзесяць гадоў ізаляцыі не далі ніякіх вынікаў, і неабходна было змяняць палітыку Еўразвяза. Людзям у Беларусі неабходна даць другі шанец. Еўропа і я не можам быць «свяцей за папу рымскага», а бо ён прыняў Лукашэнку. Чаму я не павінна была з ім сустракацца?»

У цэлым, неабходна адзначыць, што Рыжская канферэнцыя стала адным з тых буйных міжнародных форумаў, на якіх адбываецца абмеркаванне найважнейшых пытанняў сусветнай палітыкі. Удзел прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў такіх канферэнцыях вельмі важны, паколькі на іх даецца магчымасць абмяркоўваць не толькі сітуацыю ў краіне, але і ў рэгіёне, у Еўропе і ў свеце. А, значыць, у гэтых дыскусіях можна ўплываць на міжнародны кантэкст, у якім будзе жыць новая Беларусь, - сказаў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках