15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт па катаваннях ААН разгледзіць разгон дэманстрацыяў у Беларусі

6
Камітэт па катаваннях ААН разгледзіць разгон дэманстрацыяў у Беларусі

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека сумесна з цэнтрам «Вясна» накіравалі даклад спецрэпарцёру Камітэта па катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання ААН.

Манфрэду Новаку быў накіраваны даклад, датычны падзеяў з разгонам мірных дэманстрацыяў апазіцыі 9 і 16 верасня ў Менску. Да даклада былі прыкладзеныя скаргі пацярпелых ад незаконных і жорсткіх дзеянняў супрацоўнікаў АМАПа, а таксама апытанні некалькіх непасрэдных сведак катаванняў.

Праваабаронцы паведамляюць, што на працягу апошніх некалькіх гадоў органы беларускай пракуратуры не давалі належнай прававой ацэнкі і адмаўлялі ва ўзбуджэнні крымінальных справаў у дачыненні да супрацоўнікаў МУС, якія перавышалі свае паўнамоцтвы ў дачынені да затрыманых удзельнікаў палітычных маніфестацыяў. Зараз праваабаронцы спадзяюцца, што гэтыя факты не застануцца без увагі не толькі міжнародных арганізацыяў, але і органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» сайту www.charter97.org далі тэксты скаргаў, пададзеныя ў Камітэт па катаваннях ААН. Вось вытрымкі з некаторых дакументаў:

«Пасля дастаўкі ў памяшканне РАУС Цэнтральнага раёна г. Менска я і іншыя затрыманыя былі пастаўленыя тварам да сцяны. Так мы прастаялі больш за тры гадзіны. На працягу ўсяго часу супрацоўнікі АМАПа і супрацоўнікі РАУСа Цэнтральнага раёна Менска збівалі са спіны затрыманых, у тым ліку і мяне. Грамадзянам наносілі ўдары па нагах, тулаве і галаве. У наш адрас сыпаліся лаянка і пагрозы», -- сведчыць арыштаваны актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Сергяенка пасля разгону акцыі салідарнасці 16 верасня.

А гэта са скаргі актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Сергійца:

«На працягу трох гадзінаў нас трымалі каля сцяны, а некаторых адводзілі ў іншы пакой на дактыласкапію. Дзесьці за паўгадзіны перад тым, як пачалі па адным нас адпускаць, яны сталі чапляцца да мяне. У мяне былі доўгія валасы, сабраныя ў хвосцік. Сантыметраў 15. Яны пачалі пытацца, «А што гэта, а навошта гэта табе»? Затым мяне завялі ў асобны пакой, дзе было чатыры ці пяць супрацоўнікаў, якія схапілі мяне з ўсіх бакоў за рукі і ногі, галаву моцна прыціснулі да сцяны і нажніцамі абрэзалі валасы. У калідоры яны працягвалі здзекавацца, а адзін з іх імітаваў электрабрытву, нібыта голіць ззаду мне галаву, але я не мог убачыць, ці так гэта ці не».

«Пасля таго, як мяне і іншых затрыманых даставілі ў Цэнтральнае РУУС, мяне паставілі тварам да сцяны. Ад нанесенага ўдару па галаве, я адчуваў сябе вельмі дрэнна, у сувязі з чым я звярнуўся з просьбай выклікаць мне хуткую медыцынскую дапамогу. Трэба адзначыць, што ўсе працаўнікі Цэнтральнага РУУС, якія прысутнічалі ў будынку, былі без бэджаў з указаннем прозвішчаў. Аднак працаўнікі міліцыі адмовілі мне ў выкліку хуткай дапамогі. Калі мне стала зусім дрэнна, я папрасіўся ў прыбіральню, дзе мяне званітавала. Практычна ўвесь гэты час я сядзеў на падлозе каля сцяны РУУС, бо мне было цяжка стаяць. Адзінае, што мне было дазволена зрабіць, гэта прайсці ў актавую залу, дзе я сеў на крэсла, паклаўшы галаву на калені. Там я паўторна папрасіў выклікаць хуткую дапамогу, аднак мне ізноў было адмоўлена ў гэтым», -- сведчыць яшчэ адзін арыштаваны і збіты падчас разгону акцыі 16 верасня актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксей Сянчыла.

Нагадаем, што на працягу месяца ў Беларусі былі жорстка разагнаныя тры мірныя акцыі салідарнасці – 9,16 верасня і 16 кастрычніка. Людзей збівалі і незаконна арыштоўвалі. Супрацоўнікі АМАПа таксама перашкаджалі працы журналістаў, не даючы ім здымаць на фота- і відэакамеры беззаконне, якое адбывалася.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках