15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэны «адкруцяць», пасярэднікаў – канчаткова знішчаць

33

29 кастрычніка ўступіць у сілу пастанова Мінэканомікі № 141, якая здымае абмежаванні гандлёвых надбавак.

Аднак разам з «лібералізацыяй» гандлёвых надбавак для розніцы, дзяржава адначасова закручвае «гайкі» пасярэднікам. Як тлумачаць у Мінэканомікі, «каб не нажываліся», пішуць «Белорусские новости».

Паводле згаданай пастановы, аптовая надбаўка не можа перавышаць 20% незалежна ад таго, колькі арганізацый удзельнічае ў пастаўцы тавара. Выключэнне зроблена толькі для сельскагаспадарчай прадукцыі. Да гэтага аптовыя надбаўкі былі свабоднымі на шырокі пералік спажывецкіх тавараў, зацверджаны пастановай Мінэканомікі № 183.

На абмежаванне пасярэднікаў дзяржава ідзе свядома, паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента цэнавай палітыкі Мінэканомікі Аляксандр Курыльчык на нядаўнім паседжанні клуба дырэктараў Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага. Паводле яго, досвед паказвае, што ў нас «усё пасрэдніцтва кладзецца на плечы насельніцтва», што прыводзіць да росту цэн.

«Я магу колькі заўгодна прыводзіць прыкладаў, калі прадпрыемствы закупляюць сыравіну для вытворчасці прадукцыі ў пасрэдніцкіх структур, якія накручваюць шалёныя надбаўкі 800-1200 адсоткаў. Мы лічым, нельга нажывацца на прадпрыемствах, таму кажам: купляйце наўпрост, навошта вам пасярэднікі», — адзначыў прадстаўнік Мінэканомікі.

Аднак бізнэс сумняецца ў эфектыўнасці рэгулявання аптавікоў. «З пасярэднікамі павінен змагацца рынак і канкурэнцыя, а не дзяржава», – пярэчылі кіраўнікі прадпрыемстваў. Такая аргументацыя, дарэчы, зыходзіла ад тых, хто займаецца вытворчасцю. Адсутнасць канкурэнцыі, на іх думку, будзе прыводзіць і ўжо прыводзіць да скарачэння выбару і падвышэнню цэн.

«У Расеі абмежаванняў на пасярэдніцкую дзейнасць няма, і яны маюць паўнавартасны таварны рынак, дзе любое прадпрыемства можа купіць усё, што яму неабходна для вытворчасці», — адзначыў дырэктар абутковага прадпрыемства «Луч» Мікалай Стрыж. Паводле яго словаў, падобнымі абмежаваннямі мы такі рынак у сябе амаль знішчылі.

«Сёння для абутковай галіны нешта набыць у Беларусі практычна немагчыма, прыходзіцца купляць за мяжой», — канстатаваў ён. Усё гэта стварае прадпрыемствам дадатковыя складанасці і ў выніку адаб'ецца і на іх канкурэнтаздольнасці ва ўмовах мытнага звяза трох краін.

Некалькі месяцаў таму, у ліпені, урад наогул збіраўся ліквідаваць інстытут пасярэдніцтва ў Беларусі як клас. Скандальная пастанова Саўміна № 991 абавязвала ўсе юрыдычныя асобы купляць тавары толькі ў непасрэдных вытворцаў або ў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Такое рашэнне прэм'ер Сяргей Сідорскі тады растлумачыў значнымі разбежкамі ў цане (ад 30% да 260%) на адзін і той жа тавар, які набываюць беларускія прадпрыемствы. Аднак пад ціскам бізнэс-супольнасці дакумент праз некалькі дзён пасля яго ўступлення ў сілу Саўмін адмяніў.

Эксперты адзначаюць, што абмяжоўваць гандлёвыя надбаўкі на імпартныя тавары не спатрэбілася б, калі б у Беларусі было паўнавартаснае канкурэнтнае асяроддзе. Зрэшты, ад яго адсутнасці пакутуюць не толькі вытворцы, але і спажыўцы, паколькі вымушаныя пераплачваць за тавары. Бо ў той час як кошты ў свеце з-за крызісу зніжаюцца, у нас яны растуць. Такую сітуацыю лічаць не нармалёвай і ў Мінэканомікі таксама.

«Ва ўмовах падзення цэн на знешніх рынках вытворцы сталі павялічваць цэны на ўнутраным. Мы ўжо дайшлі да таго, што дазваляем прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошты на беларускім рынку і на экспарт», — адзначыў А.Курыльчык. На яго думку, прадпрыемствам трэба «не падвышаць цэны, а зніжаць выдаткі». Зрэшты, гэты папрок варта аднесці, перадусім, на рахунак дзяржпрадпрыемстваў.

Прадстаўнік Мінэканомікі лічыць, што свабоднае коштаўтварэнне ў Беларусі магчыма толькі тады, калі ў Беларусі складзецца канкурэнцыя на рынках. Яна-та і прывядзе да паніжэння цэн. А пакуль яе няма, то адпускаць на ўсе тавары цэны небяспечна.

Мінэканомікі прызнае, што на таварных рынках Беларусі сёння суцэльнае засілле манапалістаў. У якасці прыкладу, зрэшты, не самага ўдалага, намеснік кіраўніка дэпартамента цэнавай палітыкі прывёў рынак гарбаты і кавы: імпартам гэтай прадукцыі займаюцца 87 кампаній, але 80% рынку дзеляць прыкладна 6-7, якія фактычна і дыктуюць цэны на рынку. Праўда, у Мінэканомікі кажуць, што факты манапольнай змовы ў краіне не сыстэмныя і носяць адзінкавы характар. Маўляў, антыманапольныя органы гэтыя пытанні строга кантралююць.

Дарэчы, эксперты даўно прапаноўваюць стварыць у Беларусі аўтаномны антыманапольны орган па аналогіі з расейскай ФАС (Федэральнай антыманапольнай службай). У нас гэтыя функцыі выконвае падраздзяленне Мінэканомікі і мясцовыя органы, але іх эфектыўнасць, як лічаць эксперты, невысокая. Бо асноўныя манапалісты ў краіне — гэтае дзяржпрадпрыемствы. І ці наўрад кардынальна зменіць сітуацыю прыняты 13 кастрычніка ўказ прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні антыманапольнага рэгулявання і развіцці канкурэнцыі».

На думку эканаміста Леаніда Заікі, для развіцця канкурэнцыі дзяржава павінна не зачыняць рынак ад імпарту, а наадварот адкрыць яго. А вытворцаў абавязаць усталёўваць цэны на сваю прадукцыю не вышэй за цэны ў суседніх дзяржавах.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках