14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі МЗС абвінаваціў Еўразвяз у «эканамічнай дыскрымінацыі»

19

Чыноўнікі заяўляюць, што ў дачыненні да беларускіх тавараў дзейнічаюць загадзя дыскрымінацыйныя абмежавальныя меры з боку ЕЗ.

МЗС лічыць правільным аднавіць узровень супрацоўніцтва, якое існавала да верасня 1997 года (калі Брусэль увеў серыю санкцый у адносінах Беларусі). Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленняЕўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі Аляксей Скрыпко 30 кастрычніка на навуковай канферэнцыі «Беларусь у сучасным свеце», паведамляе БелаПАН.

Беларусь была выключана з абагульненай сістэмы прэферэнцый, якой карыстаюцца амаль усе краіны света, заявіў прадстаўнік МЗС. Ён таксама назваў несправядлівым кватаванне імпарту пэўных відаў беларускіх тавараў, у прыватнасці, тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

«Такія квоты супярэчаць нормам СГА», - заявіў Скрыпко, дадаўшы, што на словах многія еўрапейскія палітыкі прызнаюць бессэнсоўнасць такіх дыскрымінацыйных мер, але на справе працягваюць ісці па інэрцыі мінулых гадоў.

Таксама Скрыпко заявіў, што яшчэ адным ушчамленнем інтарэсаў у плане беларускага экспарту ў ЕЗ з’яўляюцца фактычна забаронныя пошліны на высокатэхналагічныя беларускія тавары і прадукцыю сельскай гаспадаркі. Так, на асобныя віды прадукцыі беларускага машынабудаўніцтва (у тым ліку цягачы, трактары і інш.) пошліна складае больш за 30% ад кошту тавара, на алей – 82%, на ялавічыну -90%. «То бок фактычна гэта свайго кшталту эканамічныя санкцыі», - адзначыў прадстаўнік МЗС. З прычыны такіх абмежавальных мер, паводле Скрыпко, беларускі экспарт у Еўразвяз у пераважнай большасці сыравінны.

Аляксей Скрыпко таксама заявіў пра зацікаўленасць беларускага боку ў падтрымцы з боку Еўразвяза пытання ратыфікацыі беларускай папраўкі дадатку Кіётскага пратаколу, якая б дазволіла рэспубліцы гандляваць невыкарыстанымі лішкамі квот на прамысловы выкід вуглекіслага газу.

«Аднак і тут мы, на жаль, пакуль не можам знайсці ўзаемапаразумення з нашымі заходнімі калегамі», - дадаў ён.

Таксама Скрыпко паскардзіўся на малую фінансавую дапамогу Беларусі з боку Еўракамісіі.

Ён заявіў, што фінансавая дапамога, якую вылучае Беларусі Еўракамісія ў рамках Еўрапейскага інструменту добрасуседства і партнёрства (ЕІДП), з’яўляецца неапраўдана малой, калі параўноўваць яе з аналагічнымі субсідзіямі ў адрас іншых краін Усходняй Еўропы. Так, па лініі ЕІДП на 2007-2010 гады для Беларусі з бюджэта Еўракамісіі прадугледжана вылучэнне 21 млн. еўра.

«Для параўнання, адпаведная сума для Украіны складае 494 млн. еўра, для Малдовы – 209 млн. еўра, для Грузіі – 120 млн. еўра, для Арменіі і Азербайджана – па 100 млн. еўра», — праінфармаваў дыпламат. Ён таксама адзначыў, што Еўракамісія абмяжоўвае сваю падтрымку для тых праектаў, ажыццяўленне якіх цалкам звязана з дзяржаўным сектарам Беларусі, што таксама, паводле яго, неапраўдана.

Нагадаем, што ў 2003 годзе Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы пачала расследаванне аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. У выніку ў чэрвені 2007 года Беларусь была выключана з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза.

Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі мусіць выканаць 12 рэкамендацый МАП: у прыватнасці даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян паводле прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.

У лістападзе таксама сканчваецца выпрабоўчы тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У лістападзе, у залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне працягнення альбо прыпынення санкцый ЕЗ у адносінах беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены ў Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымым правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ніводная з гэтых умоў дагэтуль не выканана.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках