15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітжаўнеру Андрэю Цянюту забаранілі выдаваць зброю

5

Гвалтоўна закліканы ў армію актывіст «Маладога фронту» 16 кастрычніка павінен прыняць прысягу ў Полацкай ваеннай частцы.

Як паведамляе сайт mfront.net, ад маладафронтаўца Андрэя Цянюты, якога 25 верасня незаконна забралі ў ваенную частку, больш за тыдзень не паступала інфармацыі. На выходных актывіст апазіцыі змог датэлефанавацца да сваіх сяброў.

«У ваенным гарадку зламаны тэлефонны апарат, таму выйсці на сувязь цяжка», -- патлумачыў Андрэй Цянюта.

Будучы гвардзеец-стралок, менавіта ў гэтыя войскі накіравалі актывіста «Маладога фронту», паведаміў, што прыняццё ваеннай прысягі адбудзецца 16 кастрычніка.

«Цікавы факт: кіраўніцтва часткі распавяло, што супрацоўнікі КДБ забаранілі выдаваць мне зброю, -- кажа Цянюта. -- Але як жа стралок без зброі?»

Моладзевы актывіст паведаміў, што паўторна паслаў скаргу ў суд на дзеянні прызыўнай і медыцынскай камісіяў. Першую скаргу працаўнікі суду папросту згубілі.

Нагадаем, што медыкі прызналі Андрэя Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў моладзевага актывіста на новае абследаванне, і ў пачатку верасня абласны клінічны шпіталь знізіў яму ступень скаліёзу.

Андрэя Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў армію, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні.

А ў верасні 2009 года ў армію быў гвалтоўна прызваны актывіст «Маладога фронту» Яўген Скрабец. Яго прызналі прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне спіны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках