15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэстантаў «Новага жыцця» выселяць з храму без кампенсацыі

6

7 кастрычніка суддзя Гаспадарчага суда Менска Ала Мірошнік прыняла рашэнне пра высяленне царквы з будынка па вуліцы Кавалёва, 72.

Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін.

Такім чынам, паводле яго словаў, суд задаволіў іск ЖРЭУ Маскоўскага раёна з патрабаваннем аб высяленні царквы з будынка, які яна займае.

Выступаючы на судовым паседжанні, Луканін патлумачыў, што вернікі не згодныя з іскам, паколькі абшчына не атрымала ад уладаў належную кампенсацыю за будынак царквы, дастатковую для пабудовы новага.

«Я падкрэсліў, што ў любой краіне лічыцца ненармалёвай сітуацыя, пры якой вернікаў без адпаведнай кампенсацыі выганяюць на вуліцу з уласнага будынка, тым самы пазбаўляючы магчымасці збірацца для правядзення імшы і пакланення Ісусу Хрысту», — сказаў юрыст.

Паводле яго словаў, згодна з рашэннем суда царква абавязаная вызваліць будынак па Кавалёва, 72, самым бліжэйшым часам і заплаціць 350 тысяч рублёў за судовыя выдаткі, панесеныя ЖРЭУ Маскоўскага раёна. Суддзя паведаміла, што рашэнне ўступіць у сілу, калі абшчына не абскардзіць яго на працягу 15 дзён. Калі ж гэтая пастанова будзе абскарджана і апеляцыйная інстанцыя пакіне яе без зменаў, суддзя выдасць загад, на падставе якога вернікі будуць абавязаныя пакінуць будынак царквы, сказаў Луканін.

Ён назваў рашэнне суда «прамым парушэннем правоў уласніка і правоў чалавека», паколькі шляхам судовых пастаноў царква пазбаўлена сваёй уласнасці і не атрымала належнай кампенсацыі. Акрамя гэтага, паводле яго словаў, вернікі «аказваюцца па-за законам і выкінутымі на вуліцу». Вось чаму царква мае намер абскардзіць рашэнне Алы Мірошнік у апеляцыйнай інстанцыі Гаспадарчага суда горада Менска, адзначыў юрыст.

22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. Ад 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласуткавае малебнае дзяжурства.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках