15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя спрабавала трапіць у будынак царквы «Новае жыццё»

3

Пратэстанты заяўляюць, што ўлады праводзяць у дачыненні да іх «арганізаваную правакацыю».

Юрыст сталічнай царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін паведаміў БелаПАН, што 8 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі пракрасціся ў будынак па вуліцы Кавалёва, 72.

Паводле яго словаў, каля 13.00 да будынка пад'ехаў джып з чатырма мужчынамі ў цывільным. Пасля таго, як аўтамабіль пакінуў тэрыторыю царквы, да будынка пад'ехала шэрая «Волга» з надпісам на дзвярах «Хуткая медыцынская дапамога» і жоўтыя «Жыгулі». З машын выйшлі двое ў цывільным і сталі тэлефанаваць па тэлефоне.

Праз 20 хвілін да царквы пад'ехаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі. Двое з іх вышлі з машыны, і капітан міліцыі, не прадстаўляючыся, запатрабаваў ад вартаўніка царквы адкрыць дзверы ў будынак. Ён растлумачыў, што па тэлефоне паступіў выклік хуткай дапамогі, пажарнікаў і супрацоўнікаў санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. «Аднак вартаўнік адчыняць дзверы не стаў», — сказаў юрыст. Паводле яго словаў, да 14.00 міліцыянты пакінулі тэрыторыю царквы.

Луканін назваў ўсё, што здарылася, «арганізаванай правакацыяй», мэта якой — трымаць у напрузе вернікаў. Ад 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства. Вернікі «не падаюць духам і маюць намер адстойваць свой будынак да канца».

22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. 7 кастрычніка суддзя гаспадарчага суду Менска Ала Мірошнік прыняла рашэнне аб высяленні царквы з будынка па Кавалёвай, 72. Па рашэнні суда царква абавязаная зрабіць гэта найбліжэйшым часам і заплаціць 350 тыс. рублёў судовых выдаткаў, панесеных ЖРЭУ Маскоўскага раёна. Суддзя паведаміла, што рашэнне ўступіць у законную сілу, калі абшчына не абскардзіць яго на працягу 15 дзён.

У выпадку калі пастанова будзе абскарджана і апеляцыйная інстанцыя пакіне яго без змены, суддзя выдасць загад, на падставе якога вернікі будуць абавязаныя пакінуць будынак царквы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках