15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рынак «Ждановічы» можа перайсці пад кантроль Менгарвыканкама

6

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Менгарвыканкама Алег Табанюхаў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Як патлумачыў Алег Табанюхаў, рынак «Ждановічы» зараз знаходзіцца ва ўласнасці Менскай вобласці, але сканчаецца тэрмін дзеяння ўказу ў дачыненні да гэтага рынка.

«Усе падаткі ад дзейнасці «Ждановічаў» паступаюць у бюджэт Менскай вобласці, якая і займаецца гэтым рынкам. Менгарвыканкам плануе з 2010 года ўзяць яго пад свой кантроль і надаць сур'ёзную ўвагу развіццю рынка, — падкрэсліў намеснік старшыні гарвыканкама, маючы на ўвазе нізкі ўзровень аказання паслугаў насельніцтву. — Рынак «Ждановічы» сёння не адпавядае ўзроўню сталічнага. І мы з дапамогай інвестараў, якія яго будуюць, развіваюць далей, будзем у гэтым накірунку рухацца».

Намстаршыні падкрэсліў, што з 2010 года, калі такое рашэнне будзе прынятае, падаткі пойдуць у бюджэт сталіцы. Пры гэтым Менгарвыканкам будзе кіраваць працэсамі на рынку. «Мы зробім праграму развіцця «Ждановічаў», вызначым спецыялізацыю рынка. Не будзе такога, што канапы прадаюцца проста з зямлі, а будзе цывілізаваны гандаль — такі, які павінен быць у сталіцы», — зрабіў выснову Алег Табанюхаў, удакладніўшы, што рашэнне будзе прынятае на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі.

Нагадаем, што ў студзені 2008 года ў дачыненні да старшыні праўлення Гандлёвага дома «Ждановічы» Яўгена Шыгалава была ўзбуджаная крымінальная справа. Яго затрымалі 5 красавіка 2008 года, арыштавалі -- 7 красавіка. 15 красавіка Шыгалаву было прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі і незаконным захопе земляў. 26 чэрвеня 2008 года Шыгалава вызвалілі з-пад варты пад заклад у 10 млрд. рублёў.

1 кастрычніка 2009 года Шыгалаў быў памілаваны па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Паведамлялася, што ён цалкам кампенсаваў «нанесеную дзяржаве шкоду» у памеры 80 мільярдаў беларускіх рублёў (каля 30 мільёнаў даляраў ЗША).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках