12 лiстапада 2024, aўторак, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аўганцы» запатрабавалі ад Лукашэнкі вызвалення палітвязня Аўтуховіча

7

Удзельнікі вайны ў Аўганістане называюць арышт ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча кампраметацый усяго руху ветэранаў-аўганцаў Беларусі.

31 кастрычніка 2009 года ў Жодзіна адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Рэгіянальнага цэнтра інвалідаў Менскай вобласці Рэспубліканскага аб'яднання інвалідаў вайны ў Аўганістане. Удзельнікі вайны ў Аўганістане аднагалосна прагаласавалі за абранне старшынём арганізацыі на новы тэрмін Аляксандра Камароўскага.

Таксама «аўганцы» падтрымалі палітвязня Мікалая Аўтуховіча і накіравалі калектыўны адкрыты зварот Аляксандру Лукашэнку.

«Мы, воіны-інтэрнацыяналісты, ветэраны баявых дзеянняў, інваліды вайны і сем'і загінулых звяртаемся да Вас, гаранта Канстытуцыі РБ, па факце страшэннага беззаконня сярод Вашых чыноўнікаў і праваахоўных органаў, праяўленага ў дачыненні да нашага баявога паплечніка - Аўтуховіча Мікалая Мікалаевіча, заслужанага воіна, які мае 3 баявыя ўзнагароды за Аўганскую вайну, сумленнага і прыстойнага чалавека, -- пішуць ветэраны вайны ў Аўганістане. -- Мікалай Аўтуховіч з 8 лютага 2009 года знаходзіцца пад вартай па сфальсіфікаваным абвінавачванні, гэта значыць дзевяць месяцаў патрыёт краіны знаходзіцца ў турме, дзе ён правёў галадоўку на працягу 90 сутак у знак пратэсту супраць самаўпраўнасці і незаконнага арышту. Гэтым ён патрабаваў неадкладнага, адкрытага судовага працэсу. Мы выдатна разумеем, што судовы працэс не хутка распачнецца, бо няма рэальных доказаў у пракурораў і следчых, якія ўзбудзілі гэтую крымінальную справу».

«Аўганцы» называюць абвінавачванні, прад'яўляныя Мікалаю Аўтуховічу, «пустымі» і «галаслоўнымі».

«Службовыя асобы праваахоўных органаў, якія не маюць якіх-небудзь доказаў адносна датычнасці Аўтуховіча і яго калегаў - Асіпенкі і Лявонава - адносна здзяйснення імі падпалаў маёмасці ваўкавыскіх чыноўнікаў, спрабуюць усімі сродкамі абвінаваціць іх у тым, што яны ў 2005 годзе ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту супраць старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Каменкі, -- адзначаюць складальнікі ліста. -- Як можна будаваць абвінавачванне толькі на пустых і галаслоўных паказаннях аднаго ілжэсведкі? Як можна прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасці, калі па тых падпалах ужо асуджаныя асобы і адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Тым больш што пацярпелыя чыноўнікі прэтэнзіяў ні да М. Аўтуховіча, ні да У. Асіпенкі не маюць, паколькі яны атрымалі кампенсацыю і прысудам суда цалкам здаволеныя».

«Аўганцы» заяўляюць, што арышт Аўтуховіча з'яўляецца кампраметацыяй усяго руху ветэранаў баявых дзеянняў у Аўганістане.

«Дзеянні следчых мы расцэньваем як службовае злачынства - незаконны пераслед і знішчэнне імя сумленнага чалавека, грамадзяніна РБ Мікалая Аўтуховіча. Гэтыя дзеянні накіраваныя на кампраметацыю ўсяго руху ветэранаў баявых дзеянняў у Беларусі, каб стварыць негатыўную грамадскую думку ў вачах людзей, што нібыта мы ладзім у краіне выбухі і беспарадкі. Славу Богу, народ на такія правакацыі не ідзе», -- кажацца ў лісце.

Складальнікі ліста ўпэўненыя, што арышт ваўкавыскага прадпрымальніка звязаны з яго палітычнай дзейнасцю.

«Спадар прэзідэнт! Лічым, што арышт М. Аўтуховіча звязаны з яго палітычнай дзейнасцю ў барацьбе з карупцыяй у вышэйшых органах улады і адстойваннем правоў ўдзельнікаў вайны ў Аўганістане, чые ільготы былі незаконна ліквідаваныя «парламентам» краіны, -- заяўляюць «аўганцы». -- Патрабуем неадкладнага Вашага ўмяшання, каб спыніць гэтае беззаконне ў дачыненні да невінаватых грамадзянаў. Просім тэрмінова вызваліць з-пад варты М. Аўтуховіча і У. Асіпенку пад падпіску аб невыяздзе.

Просім даручыць кампетэнтным і прафесійным следчым пракуратуры Рэспублікі Беларусь узяць пад свой кантроль гэтую справу для далейшага расследавання, адхіліўшы следчых МУС РБ.

Прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў, па віне якіх былі незаконна арыштаваныя М. Аўтуховіч, У. Асіпенка і Ю.Лявонаў (у жніўні вызвалены з-пад варты, справа ў дачыненні да яго спыненая).

Наступствы Вашага неўмяшання будуць вельмі дрэнныя для рэйтынгу Беларусі і прэзідэнта ў прыватнасці, што пасля ўскладніць бізнэс-супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам».

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

З 16 красавіка па 16 ліпеня палітвязень Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня яму паведамілі, што супраць яго спыненая крымінальная справа.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках