9 лiстапада 2024, Субота, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Контрагенты патрабуюць палітычных саступак, але іх не будзе

67
Лукашэнка: Контрагенты патрабуюць палітычных саступак, але іх не будзе

Беларускі дыктатар заявіў, што не збіраецца нічога мяняць у краіне.

Пра гэта, як паведамляе «Інтэрфакс», 2 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў на паседжанні па пытаннях знешняй палітыкі.

Правіцель адзначыў, што ён не збіраецца ахвяраваць супрацоўніцтвам з Расеяй у імкненні атрымаць прывілеі ад шчыльнай інтэграцыі з ЕЗ. «Мы не збіраемся сябраваць з Еўразвязам супраць інтарэсаў іншых дзяржаў, і наадварот», - адзначыў беларускі правіцель.

Як адзначыў Лукашэнка, адносіны з Еўразвязам з’яўляюцца «адным з асноўных фактараў для забеспячэння нашай незалежнасці і суверэнітэта, а таксама эканамічнага і навукова-тэхналагічнага развіцця Беларусі». Аднак ён дадаў, што «гэта не значыць, што ў імкненні атрымаць прывілеі, якія вынікаюць з больш шчыльнай інтэграцыі з ЕЗ, мы будзем ахвяраваць сацыяльна-палітычнай стабільнасцю ў грамадстве і дасягнутым ўзроўнем супрацоўніцтваз Расеяй і іншымі дзяржавамі».

«Трэба дакладна ўсведамляць, што Беларусь у сістэме еўрапейскіх адносін не з’яўляецца прасіцелем з працягнутай рукой», - сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што Беларусь з’яўляецца надзейным і правераным часам партнёрам ЕЗ у галіне забеспячэння стабільнасці і бяспекі, у сферы транзіту энэрганосьбітаў і транс’еўрапейскіх грузаў. Лукашэнка таксама заявіў пра значны ўнёсак рэспублікі ў барацьбу з усімі відамі трансмежнай злачынасці, нелегальнай міграцыяй.

«Таму не толькі ЕЗ карысны для нас, але і наша краіна для Еўропы», - заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, паводле яго словаў, «мы не можам дапусціць, каб наш удзел у агульнаеўрапейскіх працэсах перакрэсліў усе выгоды ад інтэграцыі з дзяржавамі, што ўваходзяць у СНД, і, у прыватнасці, з Расеяй». У гэтай сувязі, як заявіў Лукашэнка, «сёння як ніколі неабходны ўзважаны і паступовы падыход да рэалізацыі знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай лініі».

Лукашэнка падкрэсліў, што «падарункаў і прэферэнцый нам чакаць не варта ні ад Расеі, ні, тым больш, ад Захада».

Лукашэнка заявіў, што «кожны крок насустрач Беларусі контрагенты абумоўліваюць патрабаваннем саступак з нашага боку, ці то ў эканамічнай альбо палітычнай галіне».

У гэтых умовах, сказаў Лукашэнка, «мы павінны кіравацца выключна нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі, а не, чые б гэта не былі, геапалітычнымі амбіцыямі, нават калі яны сыходзяць ад нашых найбліжэйшых саюзнікаў».

Лукашэнка заявіў, што «у асобных еўрапейскіх сталіцах дагэтуль ёсць схільнасць «рухацца па інэрцыі» у адносінах да Беларусі, выкарыстоўваючы інструменты палітычнага і эканамічнага ціску».

«Дагэтуль захоўваецца шэраг абмежаванняў, прычым дастаткова адчувальных для нашай краіны», - заявіў беларускі правіцель.

Нагадаем, што ў лістападзе сканчваецца выпрабавальны тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У лістападзе, у залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне падаўжэння ці прыпынення санкцый ЕЗ супраць беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены ў Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымым правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ні адна з гэтых умоў дагэтуль не выканана.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках