14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнтр эпідэміялогіі: Большасць беларусаў сутыкнецца з вірусам AH1N1

15

Гэта новы варыянт віруса, ад якога людзі пакуль не абароненыя імунітэтам.

Вялікая частка насельніцтва сутыкнецца са свіным грыпам, лічыць загадчыца эпідэміялагічным аддзелам Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

«Кожны арганізм адкажа на вірус па-свойму: у кагосьці гэта можа быць лёгкі галаўны боль, хтосьці наогул не заўважыць віруса, але пры гэтым у яго з'явіцца імунітэт. А ў кагосьці, на жаль, будзе відавочная форма інфекцыі, у некаторых яна будзе працякаць з ускладненнямі», — сказала Фісенка ў інтэрв'ю БелаПАН.

Пра шырокае распаўсюджванне грыпу A(H1N1) сведчыць агульнасусветная статыстыка. «І мы ад гэтага нікуды не сыйдзем», — канстатавала загадчыца эпідэміялагічным аддзелам.

Пры гэтым Фісенка падкрэсліла, што новы вірус грыпу не варта разглядаць асобна ад іншых формаў грыпу і ВРВІ: распаўсюджванне гэтых інфекцыяў — агульны працэс. Паводле яе словаў, сёння ў задачы эпідэміялагічнага маніторынгу не ўваходзіць улік усіх выпадкаў новага віруса, што было б вельмі дарагім мерапрыемствам. «Нават адзінкавае вылучэнне выпадкаў A(H1N1) дастаткова эпідэміёлагам для заключэння, што ў Беларусі ёсць гэты вірус і што ён цыркулюе сярод людзей», — адзначыла спецыяліст.

Паводле яе словаў, сімптомы і меры прафілактыкі віруса грыпу A(H1N1) і сезоннага грыпу адны і тыя ж. Перш за ўсё, медыкі рэкамендуюць зрабіць прышчэпку супраць грыпу: у вакцыну ўваходзіць і варыянт сезоннага грыпу А, які вельмі блізкі да новага віруса і здольны ад яго абараніць. Акрамя таго, рэкамендуецца прымаць беларускі прэпарат «Арпятол» ці яго расейскі аналог «Арбідол», імунастымулюючыя і імунамадулюючыя сродкі, карыстацца аксалінавай маззю. Спецыяліст таксама раіць па магчымасці пазбягаць месцаў масавага збору людзей, часцей бываць на свежым паветры і праветрываць памяшканні. Хворым на грып і ВРВІ рэкамендуецца заставацца дома, а пры высокай тэмпературы выклікаць урача.

Як адзначыла Алена Фісенка, хворыя на новы вірус грыпу не маюць патрэбы ў спецыяльным лячэнні. Тым, хто знаходзіцца на амбулаторным рэжыме, прызначаюць супрацьвірусныя сродкі. Шпіталізаваным хворым лячэнне прызначае ўрач. Іх, як і ўсіх астатніх інфекцыйных хворых, ізалююць у асобныя палаты.

Нагадаем, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Валянціны Качан, на 1 лістапада ў Беларусі былі лабараторна пацверджаныя 59 выпадкаў захворвання грыпам А(H1N1), 30 кастрычніка іх было 39.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках