25 снежня 2024, Серада, 9:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар медыцыны: «Маштабы распаўсюджвання свінога грыпу ў Беларусі хаваюцца»

98
Прафесар медыцыны: «Маштабы распаўсюджвання свінога грыпу ў Беларусі хаваюцца»

Мінздароўя было непадрыхтаваным да эпідэміі – лекі не закупленыя, вакцыны няма, а ўрачоў прымушаюць пісаць у гісторыях хваробы, што пнеўманія – ускладненне звычайнага грыпу.

-- Смяротнасць зыходаў ад пнеўманіі вывучаная лабараторна, у тым ліку і за апошні час, – заявіла ў праграме «Выбар» на канале АНТ начальніца аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Мінздароўя Людміла Жылевіч. -- Мы ўвесь час вядзем маніторынг сітуацыі. Вынікі паказваюць, што гэта змяшаная інфекцыя. І трэба сказаць, што захворванне зараз працякае ў насельніцтва больш цяжка.

Па словах Жылевіч, прычына распаўсюджвання хваробы – нядбайнае стаўленне беларусаў да свайго здароўя, асабліва сярод моладзі.

Але ці так гэта?

Крыніцы газеты «Заўтра тваёй краіны» кажуць пра тое, што пнеўманія «косіць» нават тых, хто ў момант захворвання знаходзіўся на стацыянарным лячэнні, гэта значыць быў пад наглядам урачоў. Прычым хвароба працякае атыпова і практычна не паддаецца лячэнню, ад яе не ратуюць нават антыбіётыкі трэцяга пакалення.

-- Спачатку падвышаецца тэмпература, а потым на працягу 7-8 гадзінаў развіваецца ацёк лёгкіх, -- распавёў прафесар адной сталічнай клінікі. -- Антыбіётыкі не дапамагаюць, таму што лёгкія проста згараюць. Больш за тое, па словах урача, лабараторныя даследаванні ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі пацвердзілі, што ў пацыентаў гэтай клінікі пнеўманія была выкліканая грыпам А(Н1N1).

-- Але нас папярэдзілі, што гэтая інфармацыя афіцыйна зафіксаваная не будзе, -- распавёў наш суразмоўца. -- У гісторыі хваробы мы павінны паказаць, што пнеўманія – ускладненне звычайнага сезоннага грыпу.

З панядзелка ў некаторых клініках Менска, дзе былі зарэгістраваныя выпадкі захворвання атыповай пнеўманіяй, адмененыя планавыя аперацыі і наведванні пацыентаў сваякамі. Урачам у мэтах прафілактыкі выдалі беларускі прэпарат «Арпетол».

-- У нашай клініцы мы аналізавалі сітуацыі, -- кажа прафесар, -- і прыйшлі да высновы, што маштабы распаўсюду свінога грыпу хаваюцца, таму што Мінздароўя не гатовы да эпідэміі. Замест таго каб закупіць і забяспечыць медустановы і аптэкі эфектыўнымі пры свіным грыпе прэпаратамі – «Таміфлю» і «Рэлензу», патурбавацца пра вакцынацыю менавіта ад свінога грыпу і ўвесь час тлумачыць насельніцтву, калі і як трэба прымаць гэтыя прэпараты – нас доўга супакойвалі, што свіны грып працякае гэтак жа, як звычайны і ў гэтым сезоне ў Беларусі чакаецца эпідэмія менавіта звычайнага, а не пандэмічнага грыпу.

Сапраўды, практыка паказвае, што менавіта «Таміфлю» і «Рэленза» дапамаглі вылечыцца ад свінога грыпу тысячам хворым ва ўсім свеце. Але ў Беларусі прэпарат «Рэленза» наогул не зарэгістраваны. А «Таміфлю» днём з агнём не адшукаеш. Нягледзячы на тое, што адна ўпакоўка прэпарата (10 таблетак) каштуеў межах 40 даляраў, яго размялі з аптэчных прылаўкаў літаральна за пару дзён. Новае паступленне, па словах спецыялістаў прадстаўніцтва швейцарскай фармацэўтычнай кампаніі Roche у Беларусі, чакаецца толькі да канца тыдня.

Урач лічыць, што ў першую чаргу забяспечыць дарагімі прэпаратамі Мінздароўя абавязаны клінікі.

-- Ва ўрачоў павінны быць пад рукой усе сродкі для лячэння хворых, а не самі людзі павінны вырашаць, што і калі ім прымаць, -- адзначае суразмоўца «Заўтра тваёй краіны».

Што датычыць вакцыны ад свінога грыпу, дык тут сітуацыя наогул незразумелая. Спачатку паведамлялася, што яна распрацоўваецца ў Беларусі і хутка будзе гатовая да ўжывання, а потым на прэс-канферэнцыі выканаўца абавязкаў дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч паведаміў, што над стварэннем вакцыны ад грыпу A(H1N1) у Беларусі наогул не працуюць. Паводле яго словаў, існуе дамоўленасць, што асноўным пастаўшчыком вакцыны будзе Расея. І ў Беларусь расейская вакцына ад грыпу A(H1N1) будзе пастаўленая ў канцы лістапада-снежня.

Нават з такім элементарным сродкам прафілактыкі грыпу, як ахоўная маска, у апошнія дні ў аптэчнай сетцы Беларусі ўзніклі перабоі. Гэтая прадукцыя завозіцца ў краіну з Эстоніі і Кітая. Пытанне аб арганізацыі ўласнай вытворчасці ахоўных масак пакуль яшчэ толькі разглядаецца. З такой прапановай да беларускіх вытворцаў марлі, бінта і іншых перавязачных матэрыялаў звярнулася РУП «Белфармацыя». На яго жыва адгукнуўся Баранавіцкі баваўняны камбінат, які гатовы ў тэрміновым парадку на працягу 10 дзён -2 тыдняў вырабіць неабходны аб'ём ахоўных павязак. А пакуль Мінздароўя рэкамендуе беларусам рабіць маскі ўласнаручна.

Тым часам 3 лістапада ў Беларусі папярэдне афіцыйна пацверджаны першы выпадак смерці ад свінога грыпу 37-гадовай жыхаркі Драгічына. Да таго ў цэнтральным раённым шпіталі ёй быў пастаўлены дыягназ «нешпітальная двухбаковая полісегментарная пнеўманія». Зараз матэрыялы знаходзяцца ў нацыянальным цэнтры грыпу Рэспубліканскага навукова-даследчага інстытута эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дзе вынікі гэтых даследаванняў будуць альбо пацверджаныя, альбо адмененыя.

Напісаць каментар 98

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках