29 снежня 2024, Нядзеля, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародная федэрацыя журналістаў: Еўразвяз не павінен супрацоўнічаць з уладамі Беларусі

4

Міжнародная федэрацыя журналістаў заклапочаная захаваннем правоў калегаў у Беларусі.

Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Айдан Уайт 8 лістапада на сустрэчы з журналістамі ў Берліне заявіў, што МФЖ мае намер звярнуцца ў структуры ЕЗ з просьбай пракантраляваць беларускі ўрад адносна захавання правоў журналістаў, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго словаў, нягледзячы на тое, што МФЖ не палітычная арганізацыя, палітыку некаторых краінаў яна падтрымлівае, іншых — не. У прыватнасці, федэрацыя не падтрымлівае «палітыку беларускіх уладаў у дачыненні да татальнага кантролю інфармацыйнай сістэмы».

Як заявіў Уайт, МФЖ мае намер выкарыстоўваць любую магчымасць данесці да еўрапейскіх краінаў пасыл пра тое, каб «яны не супрацоўнічалі з беларускімі ўладамі, калі тыя рэпрэсуюць журналістыку і абмяжоўваюць медыя». Гэтая праблема таксама будзе асвятляцца ў дакладах, якія выпускае і распаўсюджвае МФЖ.

Генеральны сакратар МФЖ падкрэсліў, што краіны ЕЗ і Рада Еўропы павінны крытыкаваць палітыку, якая накіраваная супраць свабоды слова і правоў журналістаў. «Гэта здарыцца, калі незалежнасць журналістаў з Беларусі будзе падтрыманая з боку іх калегаў з іншых рэгіёнаў», — сказаў Уайт.

Міжнародная федэрацыя журналістаў была створаная ў 1926 годзе, у сучаснай форме дзейнічае з 1952 года. Арганізацыя закліканая аказваць уплыў на ўрады краінаў з мэтай прасоўвання сацыяльнай справядлівасці і адстойвання правоў журналістаў. МФЖ налічвае каля 600 тыс. чальцоў у больш чым 100 краінах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках