9 лiстапада 2024, Субота, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бародка: «Моцныя засталіся верныя ідэалам свабоднай дэмакратычнай Беларусі»

Зміцер Бародка: «Моцныя засталіся верныя ідэалам свабоднай дэмакратычнай Беларусі»

Чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, а Еўропа і Беларусь застаюцца. Альтэрнатывы ўваходжанню нашай краіны ў Еўразвяз не існуе, упэўнены каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Зміцер Бародка адказаў на пытанні сайта charter97.org:

-- Вядома, што грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» практычна штодня праводзіць акцыі ў падтрымку палітвязняў, 16 чысла кожнага месяца актывісты кампаніі выходзяць на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі вязняў сумлення. Гэта частка дзейнасці стала асвятляецца СМІ. Ці ёсць яшчэ нешта, пра што не пішуць незалежныя выданні і інтэрнэт?

-- Вядзецца сталая руцінная праца па інфармаванні насельніцтва аб выгодах еўрапейскай інтэграцыі і тых перавагах, якія Беларусь можа атрымаць, стаўшы часткай адзінай Еўропы. Таксама вядзецца праца агульнаадукацыйнага характару, культурна-асветніцкая праца сярод актывістаў і валанцёраў кампаніі.

З усяго гэтага можна вылучыць кампанію пад умоўнай назвай «Пастаў подпіс і завяжы стужку». Мы заклікаем грамадзян Беларусі заняць больш актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі раней мы прапаноўвалі людзям проста паставіць подпіс за ўваходжанне ў Еўрапейскі Звяз, што ў прынцыпе шырока падтрымлівалася нашым насельніцтвам, зараз мы прапаноўваем беларусам павязаць сінюю стужачку як знак іх еўрапейскага выбару.

Актывісты распаўсюджваюць не толькі сінія стужкі, але і інфармацыйныя ўлёткі, заклікаючыя беларусаў прыняць актыўны ўдзел у кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і візуальна прадэманстраваць свой выбар.

-- Ці падвяргаюцца актывісты «Еўрапейскай Беларусі» рэпрэсіям падчас гэтай кампаніі?

-- Так, падвяргаюцца. Досыць узгадаць актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алесю Ясюк, якая толькі цягам мінулага тыдня затрымлівалася супрацоўнікамі міліцыі чатыры разы. Жанчыну затрымліваюць за распаўсюд сініх стужачак, кожны раз дастаўляюць у РУУС, адбіраюць стужкі, а затым адпускаюць. Растлумачыць свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі натуральна не могуць, таму што распаўсюд сініх стужак не з'яўляецца парушэннем нейкага закона. Тым не менш, супрацоўнікі праваахоўных органаў паказваюць, што яны асцерагаюцца шырокай праявы салідарнасці беларусаў, таму што ўсё часцей у нашых гарадах можна сустрэць сінія стужкі, павязаныя на вопратцы грамадзян, на помніках, агароджах, парэнчах, слупах, на аўтамабілях. Людзі паступова пазбаўляюцца ад страху і дэманструюць гэта астатнім.

-- Зараз беларусы крыху расчараваныя згодніцкай палітыкай Еўразвяза ў адносінах дыктатара Лукашэнкі. Гэта неяк уплывае на вашу веру ў еўрапейскія каштоўнасці?

-- Палітыку ў адносінах Беларусі праводзяць чыноўнікі. Часам іх дзеянні зразумець можна, а часам яны выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне. Але чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, а Еўропа і Беларусь застаюцца. Лічу, што альтэрнатывы ўваходжанню нашай краіны ў Еўразвяз не існуе, таму, выступаючы за хутчэйшую інтэграцыю ў структуры ЕЗ, мы выступаем за тую сістэму каштоўнасцяў і прынцыпаў, на аснове якой стваралася адзіная Еўропа.

-- А як Вы паставіліся да «Еўрапейскаму форуму», які прайшоў нядаўна ў Менску ў ДК МАЗ пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча?

-- Правядзенне падобных форумаў, магчыма, патрэбная і цікавая праца. Але абмяжоўвацца толькі ёй не зусім правільна. Калісьці Аляксандр Мілінкевіч пазіцыянаваў сябе як лідэр дэмакратычных сіл і, не схаваю, я таксама меў пэўныя надзеі на тое, што ў асобе Мілінкевіча мы здабудзем агульнанацыянальнага лідэра. На жаль, гэтага не адбылося. Мілінкевіч абмежаваў сваю дзейнасць правядзеннем рознага кшталту форумаў, дыскусійных клубаў і заявамі ў падтрымку так званага дыялогу Еўропы з уладамі. Але, нажаль, з боку руху «За свабоду» не вядзецца ніякай працы з насельніцтвам, адсутнічае якая-небудзь друкаваная прадукцыя, не відаць вулічных мерапрыемстваў. Няма нейкіх іншых дзеянняў, скіраваных на змену сітуацыі ў краіне.

Што тычыцца самога дыялогу Еўразвяза з уладамі, то я таксама за дыялог, але, перш за ўсё, апазіцыі і ўлад без пасярэднікаў.

-- Маглі б падвесці вынікі 2009 года? Якім ён быў для краіны і для вас асабіста?

-- Сыходзячы год быў досыць складаным і неадназначным. Нам давялося сутыкнуцца з новымі праблемамі, цяжкасцямі і выклікамі. І у гэтым ёсць свае плюсы. Гэта дапамагло шмат у чым адказаць на пытанне: хто ёсць хто? Хто быў слабым, той зламаўся. Хто быў моцным, той застаўся верны ідэалам свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Наша каманда стала яшчэ больш з’яднанай, і гэта выклікае аптымізм і веру ў лепшае будучыню.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках