15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы перададуць у ААН даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

1

Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі альтэрнатыўны ўніверсальны даклад па сітуацыі ў Беларусі, які перадалі ў Раду па правах чалавека ААН.

У сувязі з гэтым 1 снежня адбылася сустрэча ў Прадстаўніцтве ААН у Беларусі. Як паведамляе «Радыё Свабода», у працы над дакладам удзельнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінскага камітэта, Асамблеі няўрадавых арганізацый і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Улады павінны здаць свой аналагічны даклад у тэрмін да лютага 2010 года. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, кожная краіна-чалец ААН павінна раз на 4 гады рыхтаваць універсальны перыядычны даклад. Беларусь будзе ўпершыню праходзіць такую працэдуру ў траўні наступнага года, але даклад павінен быць падрыхтаваны загадзя. Як адзначае Стэфановіч, у рамках падрыхтоўкі альтэрнатыўнага дакладу ўлады пагадзіліся на кансультацыі з няўрадавымі арганізацыямі, якія яго рыхтавалі. Праваабаронцы двойчы сустракаліся з прадстаўнікамі МЗС Беларусі і першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Пяткевіч.

«Мы адзначылі асноўныя праблемныя моманты з рэалізацыяй правоў чалавека ў Беларусі, -- распавёў пра змест даклада Валянцін Стэфановіч. -- Вядома ж, пра свабоду асацыяцый у сувязі з артыкулам 193-1, свабоду мірных збораў, пытанні палітычна матываваных пераследаў, пра адвольныя затрыманні, дыскрымінацыі, свабоду слова, смяротнае пакаранне. Гэта знайшло там сваё адлюстраванне. З большага мы робім выснову, што ў Беларусі існуе вельмі абмежаваная магчымасць рэалізацыі шмат якіх грамадзянскіх і палітычных правоў».

Па выніках гэтых дакладаў, прадстаўленых з боку ўлад і праваабаронцаў, Рада па правах чалавека будзе прымаць для Беларусі рэкамендацыі, якія Беларусь павінна выканаць.

Зараз праваабаронцы рыхтуюць альтэрнатыўны даклад у Камітэт па правах чалавека ААН аб выкананні Беларуссю міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што раней афіцыйны Менск ужо двойчы ігнараваў прадстаўленне дакладу ў Камітэт па правах чалавека ААН і не выконваў яго рашэнняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках