14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейская народная партыя прыняла рэзалюцыю па Беларусі

6

У рэзалюцыі ЕНП згадваюцца апошнія факты выкраданняў моладзевых лідэраў, калі апазіцыянераў вывозілі за горад, збівалі і пагражалі фізычнай расправай.

Рэзалюцыя Еўрапейскай народнай партыі была прынятая аднагалосна. Паводле інфармацыі «Радыя Свабода», на найбліжэйшай пленарнай сесіі Еўрапарламента, якая адбудзецца праз тыдзень у Страсбурзе, вырашана разгледзець беларускае пытанне.

Як паведаміў «Радыё Рацыя» кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, рэзалюцыя з'яўляецца, галоўным чынам, падтрымкай беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

«Рэзалюцыя з'яўляецца яскравым пацверджаннем таго, што Еўрапейская Народная партыя падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазіцыю насуперак тым не вельмі добрым сігналам, якія з'явіліся ў апошні час, асабліва пасля візіту прэм'ера Італіі Сільвіа Берлусконі ў Менск, калі апошні не сустрэўся з беларускай апазіцыяй. Мы выказваем сваю занепакоенасць з прычыны рэпрэсіяў, якія ізноў з'явіліся апошнім часам. Таксама, мы кажам пра тое, што прадстаўніцтва Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі краінаў ЕЗ і Усходняга партнёрства павінна быць сфармаванае з удзелам беларускай апазіцыі. Тут ЕНП не мае ніякіх сумневаў, і ўлады ў Менску не павінны разлічваць на нейкі лепшы вынік. Тое, што мы можам прапанаваць, – гэта максімальна 5 прадстаўнікоў беларускага «парламента», які абраны недэмакратычным спосабам, і 5 прадстаўнікоў апазіцыі. Калі ўлады не пагодзяцца на 5 прадстаўнікоў апазіцыі ў Парламенцкай Асамблеі краінаў ЕЗ і Усходняга партнёрства, дык іх там будзе 10», -- адзначыў Яцэк Пратасевіч.

Нагадаем, што апошнім часам у Беларусі пачасціліся рэпрэсіі супраць апазіцыі, а таксама выпадкі выкрадання людзей. На працягу тыдня ў Менску невядомымі былі выкрадзеныя Зміцер Дашкевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч. Сёлета падобнае адбылося таксама з актывістамі «Маладога Фронту» Настай Палажанкай і Дзянісам Карновым. Невядомыя гвалтам вывозілі апазіцыянераў на машынах за межы Менска і кідалі ў бязлюдных месцах, збівалі і пагражалі фізічнай расправай.

Нягледзячы на тое, што маладыя людзі звярнуліся ў пракуратуру і нават апазналі па фатаграфіях у СМІ аднаго з выкрадальнікаў – супрацоўніка міліцэйскага спецпадраздзялення «Алмаз» Аляксандра Леаненку, улады, па сутнасці, адмаўляюцца расследаваць выкраданні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках