28 снежня 2024, Субота, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент асудзіў выкраданні, забойствы і арышты апазіцыянераў у Беларусі

20
Еўрапарламент асудзіў выкраданні, забойствы і арышты апазіцыянераў у Беларусі

У прынятай Еўрапарламентам рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў і смерці актывіста Партыі БНФ, а таксама вызваліць палітычных вязняў.

Рэзалюцыя была прынята 17 снежня большасцю галасоў. Парламент Еўрапейскага звяза шкадуе, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх улад няма істотнага прагрэсу ў галіне правоў і свабодаў.

Перад пачаткам галасавання ў рэзалюцыю быў уключаны заклік да беларускіх улад расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў, а таксама смерці актывіста Партыі Беларускага Народнага Фронта з Мар’інай горкі Валянціна Доўнара, паведамляе БелаПАН.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам «справы чатырнаццаці», у прыватнасці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку.

Еўрадэпутаты заклікалі Менск працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, а таксама развіваць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй, у прыватнасці, вызначыўшы ролю Грамадска-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі Лукашэнкі.

Евўрапарламентары чакаюць, што ў найбліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў; адменяць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.

У дакуменце вітаецца рашэнне Рады ЕЗ падоўжыць супраць беларускіх чыноўнікаў санкцыі да кастрычніка 2010 года, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін. На думку дэпутатаў, дыялог па правах чалавека з Беларуссю «павінен ставіць за мэту пэўныя вынікі і істотны прагрэс у сферы дэмакратызацыі і вяршэнства закона». У выпадку дастатковага прагрэсу санкцыі супраць краіны павінны быць адменены, а працэсы інтэграцыі паскораны, адзначаецца ў рэзалюцыі.

Рэкамендавана таксама стварыць прамежкавы план прыярытэтных рэформаў у Беларусі, каб вярнуцца да падпісання Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

«Дыялог па Еўранэсце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакуменце. — Беларусь будзе запрошана да паўнавартаснага ўдзелу, калі парламент краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэнні прамежкавыя».

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўракамісію разгледзець магчымасць змяншэння кошту віз для беларусаў і спрасціць працэдуру іх атрымання, а таксама падрыхтаваць рэкамендацыі для перамоваў па дамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіццю разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнэсу.

Еўрадэпутаты выступаюць за «неадкладны мараторый» на смяротнае пакаранне ў Беларусі. Яны таксама заклікалі Менск прызнаць Звяз палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і выконваць правы нацыянальных меншасцяў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках