29 снежня 2024, Нядзеля, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яцэк Пратасевіч: Еўрапарламент не будзе заплюшчваць вочы на рэпрэсіі ў Беларусі

2

Адзін з аўтараў рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі Яцэк Пратасевіч назваў самымі важнымі два аспекты гэтага дакумента.

«Еўрапарламент выказаў сваю занепакоенасць ростам рэпрэсій, якія мелі месца ў апошні час у Беларусі, у прыватнасці, супраць моладзевых дзеячаў апазіцыі. Гэтай рэзалюцыяй мы хацелі паказаць беларускім уладам, а таксама беларускаму грамадству, што ўважліва адсочваем развіццё сітуацыі ў краіне, бачам, што робіцца дрэнна, і не будзем гэта ігнараваць. Таму што запрашэнне Беларусі ва Усходняе партнёрства не азначае, што мы будзем заплюшчваць вочы тады, калі правы чалавека, свабоды, дэмакратыя парушаюцца і абмяжоўваюцца такім грубым чынам», -- сказаў Яцэк Пратасевіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Паводле польскага дэпутата, далейшае супрацоўніцтва ЕЗ з Беларуссю ў рамках «Еўранэста» будзе залежыць ад рэакцыі беларускіх улад на прынятую рэзалюцыю.

«Еўрапарламент у гэтай рэзалюцыі цвёрда паведаміў, што пакуль не будзе свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, беларускі ўдзел у Парламенцкай асамблеі «Еўранэст» можа адбывацца толькі ў форме назірання, і беларускае прадстаўніцтва будзе прадугледжваць удзел апазіцыі. Ці будзе гэта 5 апазіцыянераў і 5 прадстаўнікоў «палаты», складана сказаць, бо невядомая рэакцыя беларускіх улад. Можа здарыцца так, што там будзе толькі 10 прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі. Дзякуючы гэтай рэзалюцыі мы цяпер маем фармальны мандат з боку цэлага парламента, каб прадставіць такую прапанову беларускай апазіцыі і ўладам. Калі пагодзяцца – абедзве гэтыя групы будуць прадстаўлены ў “«Еўранэсце», -- заявіў Яцэк Пратасевіч.

Нагадаем, што 17 снежня Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой цвёрда асудзіў рэпрэсіі беларускіх улад. У прынятай Еўрапарламентам рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў і смерці актывіста Партыі БНФ, а таксама вызваліць палітычных вязняў.

Еўрадэпутаты заклікалі Менск працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, а таксама развіваць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй.

Еўрапарламентары чакаюць, што ў найбліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ у адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў; адменяць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках