15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Расеі Сурыкаў: «Мы будзем працаваць не з апазіцыяй, а з Лукашэнкам»

46

Расейскаму амбасадару не падабаецца «заточанасць» беларускай апазіцыі супраць дыктатара.

Як паведамляе «Інтэрфакс», падчас прэс-канферэнцыі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў, што расейскія ўлады не збіраюцца супрацоўнічаць з апазіцыяй.

«Наколькі я праінфармаваны, афіцыйныя органы РФ, а прэзідэнт з’яўляецца афіцыйнай асобай, не займаюцца падрыхтоўкай сустрэчы з вядучымі, як вы кажаце, апазіцыйнымі палітыкамі», -- заявіў Сурыкаў.

«Слова «вядучыя» ужываецца не вельмі дакладна. Вядучыя – прадугледжвае за сабой нейкую масу», -- сказаў расейскі амбасадар, заявіўшы пра адсутнасць вялікай колькасці прыхільнікаў у беларускай апазіцыі.

«Вось Лукашэнка – вядучы палітык і мы прызнаем гэта адназначна», - заявіў амбасадар.

«Вось з гэтым палітыкам мы і будзем працаваць, будуючы планы на будучы год, але не з тым, пра каго вы думаеце», - заявіў Сурыкаў.

Расейскі амбасадар адзначыў, што яму даводзілася сустракацца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Пры гэтым расейскі дыпламат сказаў, што яму «адназначна не падабаецца іх «заточанасць» супраць Лукашэнкі».

Танная расейская нафта за прыватызацыю «Нафтана»

Кажучы пра ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, Сурыкаў заявіў, што асноўны яе аб’ём у 2010 годзе павінен ажыццяўляцца па біржавых цэнах.

«Павінны быць усталяваныя аб’ёмы нафты, якія будуць пастаўляцца ў Беларусь у наступным годзе бяспошлінна, для ўнутранага спажывання. Уся астатняя нафта павінна пастаўляцца па біржавых цэнах. Я лічу, што калі кажуць, што астатні аб’ём нафты ў Беларусь мусіць пастаўляцца з 100-адсоткавай экспартнай пошлінай, - гэта проста няўдалы выраз. Нафта павінна пастаўляцца ў Беларусь па біржавых цэнах маркі Urals. Вось і ўсё пытанне», - заявіў Сурыкаў.

Пры гэтым расейскі амбасадар адзначыў, што пакуль бакі не ўзгаднілі аб’ём паставак для ўнутраных патрэбнасцяў Беларусі. «Дакладныя лічбы яшчэ не вызначаныя. Я чуў, што ўнутранае спажыванне ацэньваецца на ўзроўні 5-6 млн т ці 6-8 млн т», - сказаў Аляксандр Сурыкаў.

Ён адзначыў, што канкрэтны аб’ём паставак нафты ў Беларусь для ўнутранага спажывання павінен быць узгоднены ў рамках двухбаковай працоўнай групы, якая зараз працягвае сваю працу.

У той жа час Сурыкаў даў зразумець, што расейскі бок увязвае узровень цэн на нафту для Беларусі і магчымасць удзелу расейскіх кампаній у прыватызацыі беларускай нафтавай інфраструктуры, у прыватнасці пераапрацоўваючага комплекса «Нафтан- Палімір».

Каментуючы падрыхтоўку комплекснага міжурадавага пагаднення аб пашырэнні супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычным комплексе, ён падкрэсліў, што Масква чакае прапановаў ад беларускага боку.

«Трэба знайсці ўзаемавыгодны альянс, які дазволіць ажыццяўляць перапрацоўку нафты з максімальнай карысцю для ўсіх – як для суб’ектаў гаспадарання, так і для дзвюх дзяржаў. Які ён будзе гэты альянс? Тут прапановы павінны быць з беларускага боку, рух у адзін бок вельмі складаны», - адзначыў А.Сурыкаў.

«З канца 90-х гадоў ужо язык баліць ад мазалёў – усё размаўляюць пра «Нафтан» Але зрухаў па-ранейшаму няма. Чакаем прапановаў ад беларускага боку», - заявіў расейскі амбасадар.

Расейскі газ для Беларусі – па еўрапейскіх цэнах

Сурыкаў таксама заявіў, што не чакае праблемных сітуацый у навагоднюю ноч у сувязі з пастаўкамі расейскага газа ў Беларусь.

«Не думаю, што 31 снежня будуць праблемы ў частцы паставак газу. Ёсць чатырохгадовы кантракт, і яго пазіцыі зафіксаваныя «Газпрамам» і «Белтрансгазам», - сказаў Аляксандр Сурыкаў. Ён таксама адзначыў, што ўзгоднены баланс паставак газу ў Беларусь у 2010 годзе.

Паводле словаў амбасадара, кошт паставак расейскага газу ў Беларусь у 2010 годзе складзе 90% ад сярэднееўрапейскай цаны, з улікам адсутнасці мытных пошлін і выдаткаў на транспарціроўку газу.

Сурыкаў патлумачыў, што на дадзеным этапе сутнасць перамоваў Менска і Масквы па газу зводзіцца да просьбы беларускага боку аб працягненні ў 2010 годзе льготнгага рэжыму паставак газу, які дзейнічаў у 2008 годзе і быў захаваны ў 2009 годзе.

Расейскі абмасадар заявіў, што ў 2009 годзе для Беларусі, згодна з яе просьбай, ужываўся паніжаючы каэфіцыент да формульнай цаны ў памеры 0,7. Гэты ж каэфіцыент выкарыстоўваўся пры вызначэнні цаны паставак у 2008 годзе. Паводле А.Сурыкава, беларускі бок хоча ў 2010 годзе захаваць паніжаючы каэфіцыент на ўзроўні 0,7-0,75. Амбасадар канстатаваў, што дадзеныя перамовы праводзіць тая ж самая працоўная група, якая працягвае абмеркаванне ўмоваў паставак нафты ў Беларусь у 2010 годзе.

Не абмінуў расейскі амбасадар і тэму будаўніцтва першай беларускай АЭС. Так, паводле Сурыкава, Беларусь і Расея могуць падпісаць кантракт на будаўніцтва беларускай АЭС ужо ў І квартале 2010 года.

Крэдыт на АЭС будзе няпоўным

«Падрыхтоўка міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Расеяй аб будаўніцтве АЭС знаходзіцца ў стадыі завяршэння. Яно можа быць падпісана ў І квартале», - сказаў Сурыкаў.

Ён сказаў, што Расеі дасць Беларусі звязаны крэдыт на будаўніцтва АЭС, які раней ацэньваўся ў суму $9 млрд. «Расея вылучыць Беларусі звязаны крэдыт на будаўніцтва АЭС. Няма пытанняў з крэдытаваннем саміх блокаў і іншага тэхналагічнага абсталявання. Існуюць разыходжанні, якія трэба ўрэгуляваць у частцы крэдытавання інфраструктуры АЭС», - сказаў амбасадар.

Паводле яго, беларускі бок разлічвае на прыцягненне дзяржкрэдыту Расеі, у тым ліку і на будаўніцтва «Гарадка атамшчыкаў», апроч сродкаў на стварэнне інфраструктуры да АЭС (чыгунка, аўтадарога, камунікацыі і г.д.).

«Я не кажу, што мы адмаўляем Беларусі ў гэтым. Мы ацэньваем яе магчымасці з пункту гледжання стану знешняга доўгу», - падкрэсліў Сурыкаў. Пры гэтым амбасадар лічыць, што для беларускага боку будзе больш выгодна вырашыць пытанні будаўніцтва жылля за кошт уласных рэсурсаў.

Таваразварот Расеі і Беларусі зменшыцца на 30%

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Сурыкаў таксама падвёў вынікі таваразвароту Беларусі і Расеі ў 2009 годзе.

Двухбаковы таваразварот Беларусі і Расеі ў 2009 годзе зменшыцца на 30% і складзе $20-22 млрд, пры пазітыўным сцэнары - $25 млрд супраць $34 млрд у 2008 годзе, паведаміў Аляксандр Сурыкаў.

На яго думку, галоўнай прычынай скарачэння таваразвароту з'яўляецца не праблема ўзаемнага доступу на рынкі, а скарачэнне пакупальніцкага попыту, як у Расеі, так і ў Беларусі.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках