28 снежня 2024, Субота, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар супраць інтэрнэту: хто каго?

141
Дыктатар супраць інтэрнэту: хто каго?

Беларуская ўлада хоча абвесціць вайну інтэрнэту. Ці гатовыя мы пастаяць за сябе?

Паважаныя чытачы! Падзеі ў нашай краіне развіваюцца такім чынам, што беларускі інтэрнэт як астравок адноснага вальнадумства і незалежнай інфармацыі можа перастаць існаваць у самы найбліжэйшы час.

Вы можаце сутыкнуцца з тым, што выйсці на сайт charter97.org і іншыя незалежныя навінавыя рэсурсы ў самы найбліжэйшы час стане немагчыма. Сваім указам дыктатар хоча ўвесці татальную цэнзуру ў беларускай Сетцы. За апошнія 15 гадоў у Беларусі былі зачыненыя дзясяткі незалежных газетаў, радыёстанцыяў, тэлеканалаў і тэлеперадачаў, вынікам чаго стала поўная дэградацыя дзяржаўнай інфармацыйнай прасторы. Як нядаўна прызнаўся сам Лукашэнка, глядзець «па беларускіх тэлеканалах практычна няма чаго, а радыё ніхто не слухае».

Амаль уся незалежная журналістыка сышла ў інтэрнэт. Дзякуючы магчымасці аператыўнай зваротнай сувязі Байнэт стаў цэнтрам гарачага абмеркавання самых надзённых праблемаў, часта такіх, на якія ўлады традыцыйна заплюшчваюць вочы. Непадцэнзурны беларускі інтэрнэт з'яўляецца адзіным спосабам грамадзянскага кантролю ў краіне. Сёння ўлады рыхтуюць нам усім «кітайскі варыянт». Плануецца блакаванне непажаданых сайтаў, увядзенне кантролю практычна над кожным карыстальнікам Сеткі, крымінальны і адміністрацыйны пераслед распаўсюднікаў «шкоднай» інфармацыі.

Мы звяртаемся да вас, дарагія сябры! У выпадку блакавання ўладамі нашага і іншых незалежных сайтаў, ведайце: дыктатар абвесціў вайну інтэрнэту і злавесны ўказ уступіў у дзеянне.

Не вагайцеся доўга!

Беларускія чытачы, у гэты ж дзень выходзіце ў 18 гадзінаў на Кастрычніцкую плошчу Менска з патрабаваннем свабоднага інтэрнэту! Папярэдне паведаміце пра гэта ўсімі магчымымі спосабамі сваім сябрам і знаёмым.

Дарагія беларусы дыяспары і сябры нашай краіны за мяжой! Патрабуйце ад урада сваіх краінаў увядзення самых жорсткіх эканамічных і палітычных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі!

Толькі самыя рашучыя дзеянні дапамогуць нам абараніць нашу свабоду. Ведайце – нас вельмі шмат. Карыстальнікамі беларускага інтэрнэту сёння з'яўляюцца больш за 3 мільёны чалавек.

Не інтэрнэт-блакадзе! За вашу і нашу свабоду!

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках