28 снежня 2024, Субота, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс: Глыбіню крызісу ў Беларусі ніхто не ведае

23
Бізнэс: Глыбіню крызісу ў Беларусі ніхто не ведае

Урад не падтрымлівае шэраг рынкавых ініцыятываў бізнэсу па спрашчэнню ўмоваў яго дзейнасці.

Гэта датычыць прапановаў бізнэс-супольнасці зменшыць плацяжы ў Фонд сацабароны насельніцтва, адмяніць адзіную тарыфную сетку для прыватных прадпрыемстваў і пашырыць у хуткім часе ўжыванне свабодных коштаў, заявіў БелТА намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

Як паведамлялі «Беларускія навіны», бізнэс-супольнасць прапаноўвала ўключыць гэтыя меры ў дадатковы план па лібералізацыі эканомікі, які зараз распрацоўвае Мінэканомікі. На думку прадстаўнікоў бізнэсу, гэтыя і іншыя пытанні неабходна вырашыць як мага хутчэй, паколькі яны ўскладняюць працу прадпрыемстваў і не дазваляюць нармальна развівацца прадпрымальніцтву.

Прапановаў, якія паступілі, у тым ліку і ад бізнэс-асацыяцыяў, было дастаткова шмат, але «не ўсе яны носяць канструктыўны характар», паведаміў Андрэй Тур. Дадатковы план лібералізацыі, паводле яго словаў, прадугледжвае «далейшае стымуляванне бізнэсу і аптымізацыю кантрольнай дзейнасці». Зрэшты, якія мерапрыемствы ў яго ўвойдуць, адназначна сказаць пакуль нельга, адзначыў ён. Закладзеныя там меры намечана выканаць да канца першага паўгоддзя 2009 года.

У падпісаным з Міжнародным валютным фондам мемарандуме аб узаемаразуменні беларускі ўрад прызнае, што для яго лібералізацыя эканомікі павінна стаць прыярытэтам. У прыватнасці, у 2009 годзе ўрад абавязаўся зніжаць для бізнэсу падатковы цяжар, скарачаць кантроль за вытворчымі прадпрыемствамі, паскорыць прыватызацыю.

Між тым урад стрымана ставіцца да шэрагу ініцыятываў бізнэсу, тлумачачы гэта тым, што ў прадпрыемстваў свае інтэрасы, а ў дзяржавы ёсць яшчэ сацыяльныя абавязальніцтвы перад насельніцтвам.

Напрыклад, нязручнай для ўладаў тэмай застаецца пытанне свабоднага коштаўтварэння. Даць коштам свабоду, за выключэннем сацыяльна-значных тавараў і прадукцыі прадпрыемстваў-манапалістаў, урад не спяшаецца. У Мінэканомікі лічаць, што адмена з 2009 года лімітных індэксаў коштаў ужо дастаткова вялікі крок для бізнэсу, што павінна скараціць прадпрыемствам дакументазварот, зэканоміць час на рэгістрацыю, складанне калькуляцыяў і справаздачаў. Праўда, гэта было зроблена не па ўласнай ініцыятыве, а па рэкамендацыі МВФ. То было адной з умоваў атрымання стабілізацыйнага крэдыту ў 2,5 млрд. даляраў.

На больш рэзкія крокі ў гэтым пытанні пакуль урад не гатовы. «Па меры стварэння адпаведных эканамічных перадумоваў (…) гэтая праца будзе праводзіцца паэтапна з улікам эканамічнай сітуацыі, якая складваецца, росту рэальных даходаў насельніцтва», - заявіў нядаўна намеснік міністра эканомікі Уладзімір Адашкевіч. Маўляў, калі а прадпрыемствам даць вольніцу ў коштах, дык адбудзецца абвальны рост коштаў, а гэтага дапусціць у цяперашняй сітуацыі ніяк нельга.

Аднак урад больш турбуе, мабыць, не столькі лібералізацыя, колькі выратаванне валаўтваральных прадпрыемстваў. Па словах Андрэя Тура, распрацоўваюцца дадатковыя меры падтрымкі асноўных прадпрыемстваў-экспарцёраў, у тым ліку за кошт крэдытаў. Акрамя таго, дзяржава мае намер накіраваць каля 3,5 трлн. рублёў на закупку для ўнутранага рынка ў прадпрыемстваў тэхнікі за кошт пераразмеркавання галіновых інавацыйных фондаў. Хаця інавацыйным такое рашэнне наўрад ці можна назваць. «Будзе аказаная падтрымка прадпрыемствам, калі яны не могуць прадаваць столькі за межы рэспублікі», - заявіў 9 красавіка старшыня «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Андрэйчанка.

На думку старшыні Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага (БСПН) Георгія Бадзея, для паспяховага пераадолення крызісу дзяржаве неабходна скарачаць бюджэтныя выдаткі і паслядоўна зніжаць падатковую нагрузку для прадпрыемстваў. Рэзервы і магчымасці для гэтага маюцца.

Праведзены бізнэс-саюзам аналіз бюджэтнай палітыкі апошніх гадоў паказаў, што ні пра якое зніжэнне падаткавай нагрузкі гаворкі не ідзе. У 2008 годзе яна, наадварот, узрасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Так, даходы кансалідаванага бюджэту летась выраслі на 36,7%, што ў 3 разы вышэй за прырост ВУП (10%). Акрамя таго, рост падатковай нагрузкі пацвярджаецца, калі нават паглядзець на долю чыстых падатковых даходаў. У 2008 годзе яны склалі 36,3% ад ВПП супраць 35,6% у 2007-м і 34% у 2006-м.

«Ва ўмовах абвешчанай лібералізацыі цалкам лагічным было б скараціць колькасць кантралюючых органаў і кантралёраў, а значыць, выдаткаў на агульнадзяржаўныя патрэбы», - адзначыў ён. Больш пільна трэба паставіцца да выдаткаў на нацыянальную эканоміку. Эксперт лічыць, што падтрымка валаўтваральных прадпрыемстваў можа прыносіць толькі часовы і імгненны эфект. «У доўгатэрміновым перыядзе гэта можа стаць памылковым, бо глыбіню крызісу і тэрміны яго пераадолення ніхто пакуль не ведае. Таму больш надзейнымі ўкладаннямі была б падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу, у тым ліку інавацыйнага. А ў гэтым накірунку робіцца пакуль, на жаль, вельмі мала», - лічыць Георгі Бадзей.

Нагадаем, у студзені ўрад і Адміністрацыя прэзідэнта прынялі сумесны план па лібералізацыі ўмоваў эканамічнай дзейнасці ў 2009 годзе. Яго мерапрыемствы, як распавёў Андрэй Тур, у асноўным былі разлічаныя на першы квартал. Пасля падвядзення вынікаў працы эканомікі ў студзені-сакавіку будзе вырашана, што трэба аператыўна распачаць ужо ў найбліжэйшыя тыдні, каб палепшыць сітуацыю ў паўгоддзі ў цэлым, адзначыў намеснік міністра эканомікі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках