14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы ў Маскве скончыліся правалам: газ для Беларусі падаражэе

24
Перамовы ў Маскве скончыліся правалам: газ для Беларусі падаражэе

Расейская газавая манаполія «Газпрам» 2 снежня не пагадзілася з прапановай беларускага боку аб захаванні значных зніжак на газ пры пастаўках паліва ў гэтую краіну ў 2010 годзе.

Пра гэта паведамляе расейская газета «Коммерсант» са спасылкай на ананімныя крыніцы ў кампаніі.

Старшыня праўлення ААТ «Газпрам» Аляксей Мілер і першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка абмеркавалі ўчора ў Маскве папярэднія вынікі працы ў 2009 годзе ў галіне паставак і транзіту газу.

Пра гэта паведаміла прэс-служба «Газпрама». Як адзначаецца ў паведамленні расейскай кампаніі, бакі таксама абмеркавалі пытанні далейшага супрацоўніцтва, іншых падрабязнасцяў перамоваў не паведамляецца.

Паводле звестак экспертаў нафтагазавага рынка, Мілер і Сямашка абмяркоўвалі аб'ёмы, кошт паставак і транзіту расейскага газу ў 2010 годзе.

Як паведамляе крыніца «Коммерсанта», «Газпрам» настойвае на падвышэнні сярэднегадовага кошту для Беларусі са 146 да 164 даляраў за тысячу кубаметраў. Аднак гэты варыянт не задавальняе беларускі бок. Спасылаючыся на тое, што Расея адкладае ўвядзенне роўнадаходных коштаў на ўнутраным рынку, беларускі ўрад лабіюе захаванне для сябе на 2010 год цяперашняга кошту.

«Газпрам» і «Белтрансгаз» падпісалі апошні сярэднетэрміновы кантракт у 2006 годзе: ён рэгулюе пастаўкі паліва ў 2007-2011 гадах. Паводле гэтай дамовы, у 2008 годзе Менск павінен набываць газ з 33-адсоткавай зніжкай да еўрапейскага кошту, у 2009-м - з 20-адсоткавай, а ў 2010-м - з 10-адсоткавай. У 2009 годзе гэтыя ўмовы былі парушаныя: «Газпрам» ва ўмовах крызісу пагадзіўся на 30-адсоткавую зніжку.

У Менску сцвярджаюць, што «Газпрам» павінен захаваць дзейсныя ільготныя ўмовы яшчэ прынамсі на год, бо спотавыя кошты на газ у Еўропе падаюць. Акрамя таго, у Беларусі адзначаюць, што ў Расеі, хутчэй за ўсё, будуць перанесеныя тэрміны ўсталявання роўнадаходнасці коштаў на газ унутры краіны і паліва, якое паступае на экспарт. Па ўмовах кантракту з «Белтрансгазам», гэтыя тэрміны павінны быць сінхранізаваныя ў Расеі і ў Беларусі.

Раней у амбасадзе Расеі ў Беларусі заяўлялі, што беларускі бок заўчасна ўзнімае пытанне пра перанос тэрмінаў пераходу на роўнадаходныя кошты на расейскі газ, бо ў РФ яшчэ не прынятае канчатковае рашэнне аб такім пераносе для ўнутраных спажыўцоў. Пра гэта заяўляў дарадца па эканамічных пытаннях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузняцоў.

Паводле апошніх звестак, ускладненні ў эканоміцы Беларусі ва ўмовах крызісу прывялі да паніжэння ўзроўня плацёжаздольнасці спажыўцоў газу. За газ, пастаўлены ў першым паўгоддзі 2009 года, утварылася запазычанасць перад ААТ «Газпрам», якая па стане на 1 кастрычніка склала 165,84 млн. даляраў.

Раней у інтэрв'ю праграме «Вести» тэлеканала «Россия» кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заявіў, што кошты на газ для Беларусі будуць падвышаныя ў адпаведнасці з кантрактам.

«Ёсць кантракт, у адпаведнасці з якім прадугледжанае паэтапнае падвышэнне кошту на газ для Беларусі, і трэба выконваць кантракт, трэба працаваць у адпаведнасці з кантрактам... Беларускі бок паставіў подпіс пад гэтым кантрактам. Беларускі бок павінен выконваць свае абавязальніцтвы», - сказаў кіраўнік «Газпрама».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках