28 снежня 2024, Субота, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шушкевіч: «Вось і прыйшла расплата за яго «сяброўства»

65

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў заяву Пуціна аб адносінах Расеі з Беларуссю.

«Не бывае бясплатнай дапамогі. Відавочна, што зараз прагучала гэтая заява, а далей кіраўнікі Расеі скажуць: давайце прадавайцеся цалкам. Лукашэнка заяўляў, што ён адзіны сябра Расеі, а ўсе астатнія - падонкі і ворагі. Вось і прыйшла расплата за яго «сяброўства». Падпісана 6 дамоваў аб «саюзнай дзяржаве», з гэтым цяпер што заўгодна можна рабіць. Беларусь павольна, але дакладна ўцягвалі туды. Лукашэнка ўмацоўваў расейскімі грашыма сваю дыктатуру - атрымліваў гэтую дапамогу ён, а не Беларусь. Зараз трэба адказваць і расплачвацца незалежнасцю краіны», - заявіў экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Што датычыць дамоўленасцяў Лукашэнкі з Расеяй, палітык заявіў: «Расея павінна разумець, што Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт. Усе цывілізаваныя краіны не прызналі вынікі выбараў у Беларусі. Лукашэнка не меў права распараджацца незалежнасцю краіны і падпісваць «саюзныя» дамовы. З прыходам да ўлады ў Беларусі дэмакратычнага ўрада, адносіны з Расеяй будуць будавацца годна. Трэба разабрацца, што ёсць доўг, а што - дапамога толькі Лукашэнку», - упэўнены Шушкевіч.

Нагадаем, што сёння падчас прамой лініі з расейцамі прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што аб'ём расейскай дапамогі Беларусі павінен быць сінхранізаваны з працэсамі інтэграцыі ў межах «саюзнай дзяржавы».

«Ёсць розныя накірункі супрацоўніцтва (паміж двума краінамі), але беларускаму кіраўніцтву хацелася б больш. Напэўна, і гэта таксама магчыма, але гэта павінна быць сінхранізавана, паводле майго глыбокага пераканання, з працэсамі інтэграцыі ў межах «саюзнай дзяржавы», - заявіў Пуцін.

«Чым глыбей гэтая інтэграцыя, тым больш магчымасцяў пераходзіць на ўнутрарасейскія кошты і стандарты, у тым ліку і па энерганосьбітах», - падкрэсліў расейскі прэм'ер.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках