15 лiстапада 2024, Пятніца, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: «У шпіталь забралі практычна ўвесь батальён»

12

Гвалтоўна прызваны ў армію моладзевы актывіст сцвярджае, што за некалькі дзён вірус грыпу распаўсюдзіўся на ўсіх салдатаў яго батальёна.

Франак Вячорка, які знаходзіцца ў інфекцыйным аддзяленні мазырскага шпіталя, распавёў «Радыё Свабода» пра стан свайго здароўя. 2 снежня моладзевага актывіста забрала хуткая дапамога ў інфекцыйнае аддзяленне Мазырскага гарадскога шпіталя. Разам з Вячоркам у шпіталь патрапілі больш за два дзясяткі салдатаў.

«Тэмпература скача, кашаль не праходзіць. Забралі практычна ўвесь батальён. Там засталося літаральна некалькі салдатаў. Вірус за некалькі дзён распаўсюдзіўся на ўсіх», -- заяўляе моладзевы актывіст.

Па словах Франака Вячоркі, у большасці салдатаў, якія захварэлі, тэмпература спадае, але кашаль не праходзіць. Пры гэтым урачы сцвярджаюць, што гэта звычайнае ВРВІ.

«Усіх лечаць антыбіётыкамі: колюць у вену і даюць таблеткі, -- распавядае Франак Вячорка. -- Калі я спытаў, навошта антыбіётыкі, калі гэта вірусная інфекцыя, мне адказалі, каб не было ўскладненняў. У Мазыры дастаткова высокі паказчык двухбаковай пнеўманіі, якая была выкліканая свіным грыпам. Доктар сказала, што ў нас не свіны грып».

Моладзевы актывіст заяўляе, што пасля таго, як некалькі салдатаў захварэлі ў вайсковай частцы, іх нават не ізалявалі.

«Увосень напачатку свінога грыпу нам, салдатам, рабілі прышчэпкі. Але зараз, калі захварэла некалькі чалавек, наш фельчар не прыняла ніякіх мераў, каб іх ізаляваць, казала, што гэта звычайная прастуда. У выніку вірус перакідваўся на іншых салдатаў і ў выніку ўсе злеглі з інфекцыяй», -- кажа моладзевы актывіст.

Нагадем, што Франак Вячорка быў незаконна прызваны ў армію. Супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў». Моладзевых актывістаў адправілі ў армію, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках