14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля выкрадання ў кватэры ў Змітра Дашкевіча канфіскавалі літаратуру

4

Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі на кватэры лідэра «Маладога фронту» каля 50 кнігаў і двухсот улётак.

Лідэр «Маладога фронту» падаў заяву аб выкраданні і крадзяжы рэчаў з яго кватэры. У прыватнасці, падчас выкрадання з кватэры Змітра Дашкевіча зніклі торбы, мабільны тэлефон і ноўтбук. Дашкевіч падаў заяву ў РУУС Завадскога раёна Менска.

Супрацоўнікі міліцыі прыехалі на кватэру лідэра «Маладога фронту» і вырашылі праверыць, ці сапраўды ў яго знік ноўтбук. Ноўтбука ў кватэры не было. Аднак міліцыя зацікавілася кнігамі і бланкамі для подпісаў.

«Супрацоўнікі міліцыі ўбачылі «дзіўныя», на іх погляд, кнігі і канфіскавалі 34 асобнікі кнігі «Маладафронтаўцы», 16 асобнікаў «Героі веры Старога запавету» і 186 бланкаў для збору подпісаў за беларускую мову, -- распавёў Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю сайту mfront.net. -- Аргументавалі яны гэта тым, што кнігі і бланкі могуць спатрэбіцца падчас вядзення праверкі па факце майго выкрадання. Чым – можна толькі здагадвацца».

Нагадаем, што за апошні час у Беларусі супрацоўнікі спецслужбаў выкрадалі моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча і Артура Фінкевіча, актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша. Ва ўсіх выпадках апазіцыянераў выкрадалі невядомыя людзі ў цывільным, якія, аднак, былі аснаджаныя міліцэйскімі рацыямі. Маладых людзей вывозілі ў лес, пагражалі, патрабуючы спыніць палітычную дзейнасць, а затым пакідалі за дзясяткі кіламетраў ад Менска.

Кіраўніка «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча 5 снежня схапілі невядомыя ў цывільным, калі ён адчыняў дзверы кватэры. Пасля гэтага Дашкевіча гвалтам вывезлі ў лес.

Таксама 6 снежня быў выкрадзены адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. Як распавёў Афнагель, яго схапілі чатыры чалавекі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску, гвалтам пасадзілі ў белы аўтамабіль з зацемненым шклом і вывезлі за горад. Па словах актывіста «Еўрапейскай Беларусі», выкрадальнікі практычна нічога не казалі. Яго галаву прыціснулі да каленаў і выпусцілі з машыны дзесьці на прасёлкавай дарозе за некалькі кіламетраў ад барысаўскай трасы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках