29 снежня 2024, Нядзеля, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Нават тэрорам ворагі нічога не даб’юцца»

10
Зміцер Бандарэнка: «Нават тэрорам ворагі нічога не даб’юцца»

Сёння еўрапейскія «лібералізатары» дзейнічаюць супольна з тымі, хто выкрадае моладзевых лідэраў у Беларусі.

«У шмат якіх фільмах мы бачылі такую сцэну, калі зняволеных выводзяць у двор і ставяць каля сцен, а насупраць іх стаяць людзі са зброяй, якія па камандзе «Агонь!» страляюць, але не ў чалавека, а над яго галавой. І гледачы разумеюць увесь жах такой сітуацыі, калі чалавек ужо падрыхтаваўся растацца з жыццём, але застаецца на гэтай Зямлі. Зараз у Беларусі адбываецца тое самае наяве. Толькі працэдура адкладзенага пакарання смерцю яшчэ больш зацягнутая», -- заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка каментуючы сайту charter97.org выкраданні моладзевых лідэраў, якія пачасціліся апошнім часам.

Палітык нагадаў, што маладых людзей «выкрадаюць на вуліцах і цягам жудасных доўгіх гадзін возяць у машынах без нумарных знакаў, паведамляючы пры гэтым, што «вось і прыйшоў твой канец», а потым выкідваюць у лесе».

«І усе маўчаць. Маўчаць у Беларусі, маўчаць у Еўропе, маўчаць у свеце. Шчыра кажучы, мне надакучыла ўжо слухаць ад чарговага немца, літоўца, чэха, паляка сцвярджэнні пра тое, што «у Беларусі насамрэч ніякая не дыктатура, а мяккі аўтарытарны рэжым і наогул вы, беларускія апазіцыянеры, нічога не робіце». Сёння еўрапейскія «лібералізатары» дзейнічаюць заадно з тымі, хто выкрадае моладзевых лідэраў у Беларусі і пакуль не спускае курок», -- заявіў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Але цалкам магчыма, лічыць Бандарэнка, што «ужо заўтра лукашэнкаўскія «ваўкі» працягнуць забойствы, бо за смерць Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадскага, і як прызнаваўся сам дыктатар, многіх іншых беларусаў, адказнасці ніхто не панёс».

«Удвая страшна, калі маральную і шматмільярдную фінансавую падтрымку тырану, які зарваўся, аказваюць краіны, на чале якіх стаяць учорашнія барацьбіты за свабоду. Яны маўчаць, баючыся сапсаваць «лібералізацыйную» карціну. Нас, беларускіх апазіцыянераў, сёння спрабуюць запалохаць самым жорсткім чынам, але нават тэрорам ворагі нічога не даб’юцца. Мы гатовыя да смерці, бо ведаем, што Бог, Праўда і Гісторыя на нашым баку», -- заявіў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Нагадаем, што адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель быў выкрадзены невядомымі 6 снежня. Як распавёў Афнагель, яго схапілі чатыры чалавекі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску, сілай пасадзілі ў белы аўтамабіль з прыцемненым шклом і вывезлі за горад. Паводле актывіста «Еўрапейскай Беларусі», выкрадальнікі практычна нічога не казалі. Яго галаву прыціснулі да каленаў і выпіхнулі з машыны дзесьці на прасёлкавай дарозе ў некалькіх кіламетрах ад барысаўскай трасы.

За апошні час супрацоўнікі спецслужбаў выкрадалі моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча і Артура Фінкевіча, актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша. Ва ўсіх выпадках апазіцыянераў выкрадалі невядомыя людзі ў цывільным, якія, аднак, былі абсталяваныя міліцэйскімі рацыямі. Маладых людзей вывозілі ў лес, пагражалі, патрабуючы спыніць палітычную дзейнасць, а затым пакідалі за дзясяткі кіламетраў ад Менска.

У гэтым годзе таксама былі выкрадзеныя і вывезеныя за горад актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка і Дзяніс Карноў. Нягледзячы на тое, што маладыя людзі звярнуліся ў пракуратуру і нават апазналі па фатаграфіях у СМІ аднаго з выкрадальнікаў - супрацоўніка міліцэйскага спецпадраздзялення «Алмаз» Аляксандра Леаненку, улады, па сутнасці, адмаўляюцца расследаваць выкраданні.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках