14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеканалу «Белсат» зноў адмовілі ў акрэдытацыі

21

Міністэрства замежных спраў не дазволіла незалежнаму беларускаму тэлеканалу «Белсат» адкрыць у краіне карпункт.

8 снежня прадстаўнік канала Міхаіл Янчук наведаў МЗС, дзе яму быў дадзены адказ на заяўку «Белсата» аб адкрыцці карпункту. Як паведаміў БелаПАН Янчук, у дакуменце за подпісам намесніка міністра Валерыя Варанецкага адзначаецца, што, паводле інфармацыі, якая маецца ў МЗС, на працягу 2009 года беларускія органы пракуратуры вынеслі папярэджанні шэрагу грамадзянаў краіны за працу ад імя тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі пры МЗС.

Тым самым, кажацца ў адказе, былі парушаныя патрабаванні закона аб СМІ і палажэння аб акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных СМІ ў Беларусі. З гэтай прычыны «Белсату» адмоўлена ў адкрыцці карпункту.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, улады Беларусі ўжо двойчы адмовілі ў рэгістрацыі тэлеканалу «Белсат». Сёлета ў сакавіку Міністэрства замежных справаў Беларусі палічыла, што заяўка, пададзеная тэлеканалам, патрабуе дадатковых дакументаў. Пры гэтым міністэрства спасылалася на «Палажэнне аб парадку адкрыцця ў Беларусі карпунктаў замежных СМІ», зацверджанае Саветам Міністраў Беларусі 25 снежня 2008 года – праз тры дні пасля прыняцця дакументаў тэлеканала Міністэрствам замежных справаў. Сёлета ў ліпені МЗС Беларусі яшчэ раз адхіліў зварот «Белсата», сцвярджаючы, што не хапае аднаго з неабходных дакументаў. «Белсат» не адступіўся і падаў дакументы ў чарговы раз 9 кастрычніка.

Адмова ў рэгістрацыі карпункту азначае далейшую адсутнасць журналісцкіх акрэдытацыяў і сур'ёзныя складанасці ў працы тэлеканала.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2008 года Еўрапейскі Парламент заклікаў Еўрапейскую Камісію паспрыяць таму, каб урад Беларусі «паскорыў працэс афіцыйнай рэгістрацыі «Белсата» у Беларусі».

Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» было падпісанае 23 красавіка 2007 года паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем (TVP) і Міністэрствам замежных справаў Польшчы. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». 10 снежня 2007 года з выпуску навінаў пачалося тэставае вяшчанне «Белсата». Тэлеканал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС. Праграмы «Белсата» выходзяць у асноўным на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканала — даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную і дакладную інфармацыю аб падзеях у краіне, Еўропе і свеце.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках