14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Советская Белоруссия» усхваляе «Суд Лінча»

51

Газета адміністрацыі Лукашэнкі выйшла з перадавіцай пад загалоўкам «Расплата».

У артыкуле «Советской Белоруссии» (аўтар Віялета Дралюк) распавядаецца пра вызваленне па волі Лукашэнкі забойцаў «пухавіцкага падпальшчыка». Адыёзны артыкул заклікае жыць па прынцыпе «вока за вока».

«У жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна цяпер ёсць два памятныя дні, -- піша аўтар у пачатку артыкула. -- Першы – дата гібелі падпальшчыка, які сем гадоў тэрарызаваў людзей. Другі – у сувязі са змяненнем меры стрымання – дзень вызвалення з СІЗА абвінавачваных у яго забойстве: Сяргея Аліфяровіча, Ігара Макарэвіча і Аляксандра Пятручэні. Зараз сяляне чакаюць трэцяй даты – дня суду...».

Іншымі словамі, «нацыянальнае» свята вёскі Пухавічы звязанае з забойствам «пухавіцкага падпальшчыка» і з вызваленнем яго забойцаў. А калі сказаць дакладней, увесь пафас артыкула зводзіцца да рашэння Лукашэнкі падчас нарады па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства 6 лютага вызваліць забойцаў «пухавіцкага падпальшчыка».

«Калі ласка, -- звярнуўся Лукашэнка да міністра МУС Навумава, -- заўтра хай супрацоўнікі адвязуць іх у вёску, а вы расследуйце крымінальнае справу. Адвязіце людзей у вёску і хай працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем'ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце».

Аўтар артыкула «Расплата» спасылаецца на словы Лукашэнкі як на апошнюю ісціну:

«Ну нягоднік гэты, ён людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, таму простыя людзі на іх баку. Я не кажу, што гэта трэба заахвочваць. Не, вядома, закон ёсць закон. Але трэба разумець і людзей, якія пайшлі на гэтую крайнюю меру...»

Адным словам, Лукашэнка ўхваліў «Суд Лінча». А яго словы ў «Советской Белоруссии» не абмяркоўваюцца.

Супрацоўніца «Советской Белоруссии» Віялета Дралюк адразу ж адпраўляецца ў вёску Пухавічы і кідаецца ў вір праблемы з галавой і распавядае душашчыпальную гісторыю пра падпальшчыка Мікалая Макарэвіча па мянушцы Міес, які трымаў у страху вёску Пухавічы.

«Як з прыезджымі сябрукамі – зэкамі хадзіў па хатах і патрабаваў на выпіўку і цыгарэты, -- апісвае жыццё забітага журналістка. -- Як накідваў матузок на шыі старых ды прыстаўляў нож для застрашвання. Некалькі спробаў вяскоўцаў заклікаць на дапамогу мясцовую міліцыю прыкметнымі вынікамі не скончыліся. Хоць і затрымлівалі Міеса, але толькі надоўга вёску ён не пакідаў. Кожны раз адбываў тэрмін толькі напалову. Давесці ж яго віну ў падпалах не атрымлівалася. Увогуле, у апошнія гады перасталі Пухавічы трывожыць РАУС сваімі «дробнымі» бедамі і пагрузіліся ў адвечнае чаканне прыходу Міеса».

«Цярплівыя, спакойныя паляшукі «выбухнулі» напярэдадні новага года, -- піша аўтар. --29 снежня Міес «пусціў пеўня» па падворках сваякоў сям'і Аліфяровіч — успыхнула тры павеці з жывёлай. Кідаў запалку, а потым здзекліва стукаў у вокны».

А далей узнікае адчуванне, што пра забойцаў пішуць не журналісты, а адвакаты:

«Яны нічога не планавалі. Проста чарговае «вызваленне» Макарэвіча з райаддзела так для сябе зразумелі: калі не спыняць — згараць. І вінаватага ізноў не будзе. Падпільнавалі на дарозе. Хацелі збіць. Але абух сталярнай сякеры ў руках Сяргея стаўся смяротнай зброяй. Тры ўдары. Цела кінулі ў лесе. Потым вярнуліся, каб прыбраць сляды, — аблілі бензінам, падпалілі. Калі 10 студзеня да іх прышлі міліцыянты, не хітравалі і не валілі адзін на аднаго: мы гэта зрабілі, каб выратаваць сваіх блізкіх і вёску. Іншага выйсця не бачылі».

Так такі. Хацелі проста збіць. Але хто бы мог падумаць, што абух сталярнай сякеры – смяротная зброя? І хто ведаў, што, калі чалавека абліць бензінам і падпаліць, гэта не дапаможа яму акрыяць ад удару абухом сякеры?

Далей «Саўбелія» прызнаецца, што ў беларускіх вёсках «шмат мярзотнікаў, якія беспакарана катуюць старых».

«А чаму ж ў нас не так ужо і далёка ад райцэнтра, дзе маецца гэтулькі службовага народу і перш за ўсё выканкам з яго кадрамі, якія павінны ведаць патрэбы і чаканні насельніцтва, ды і калгаснае кіраўніцтва таксама быццам бы знаходзілася не ў летаргічным сне — як жа так здарылася, што напаўпьяны бандыт штодня тэрарызаваў безабаронных сяланаў–старых? – пытаецца журналіст. -- Чаго ж тады вартыя чынавенскія запэўніванні, што яны, маўляў, недарэмна ядуць свой цяжкі хлеб?.. Упэўненая, на гэтае пытанне людзі таксама чакаюць адказу, таму што ганарыстасьць, якая з'яўляецца адваротным бокам абыякавасці, заўсёды служыць пажыўным асяроддзем для самых дзікіх праяваў і здарэнняў».

Нечакана аўтар артыкула змяняе тэму размовы.

«Калі некаторыя пуставатыя каментатары разважаюць пра такія тонкія рэчы, як «злачынства і пакаранне», дык часцяком зрываюцца на праваабарончы лепет: колькі, маўляў, у калоніях сядзіць мужычкоў, якія скралі мяшок бульбы і какую–небудзь рабую курыцу? «Ах–ах...».

І вось ён – фінал. Галоўная ідэя артыкула «Расплата».

«У Пухавічах я пераканалася, што людзі шчыра вельмі ўдзячныя прэзідэнту. Гэтыя сумленныя і працавітыя сяляне заўсёды верылі, што павінен жа быць у Менску нехта справядлівы, які паглыбіцца, зразумее і зробіць па справядлівасці», -- рэзюмуе Віялета Дралюк на старонках «Советской Белоруссии».

Заўвага www.charter97.org: Суд Лінча - не абгрунтаваная законам расправа, якая звычайна сканчаецца забойствам асобы, абвінавачванай у парушэнні якіх-небудзь прынцыпаў ці звычаяў.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках