29 снежня 2024, Нядзеля, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў рэзка крытыкуе Лукашэнку

23
Андрэй Саннікаў рэзка крытыкуе Лукашэнку

«Апошняе выказванне Лукашэнкі пацвярджае асцярогі, што ён гандлюе краінай за спінай у беларускага народа», -- заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Сёння падчас паездкі па Гарадзенскай вобласці Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў падпісанне ім пагаднення аб Адзінай з Расеяй сістэме СПА. Звыкла па-хамску выказаўшыся ў адрас апазіцыі, ён заявіў:

«Калі Беларусь грымнецца, дык для Расеі гэта будзе несувымерна больш вялікая страта, чым даць нам 2 млрд даляраў на падтрымку. Падтрымліваючы нас, Расея тым самым падтрымлівае сябе.

Так не бывае, калі вы дзесьці маеце нейкія ільготы, дык за іх трэба чымсьці плаціць, напрыклад, прыкрываць сістэмай СПА тую тэрыторыю, адкуль атрымліваем танней газ. Яны (апазіцыя) заяўляюць, што суверэнітэт прадаў, людзей у «гарачыя кропкі» адправіў. Мяне заўсёды гэтым папракалі… Калі вы хочаце, каб вам хтосьці пайшоў насустрач і нешта танней зрабіў, дык і вам трэба ісці насустрач і рабіць для гэтых людзей танней. У адваротным выпадку, трэба пераходзіць на сусветныя кошты як Нямеччына, тады будзе поўная незалежнасць і не трэба будзе выпрошваць у Расеі газ. Зможам мы гэта вытрымаць? Пакуль не, і таму трэба дзесьці рабіць саступкі», - заявіў беларускі дыктатар.

У сувязі з гэтым лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97:

«Апошняе выказванне Лукашэнкі пацвярджае асцярогі, што ён гандлюе краінай за спінай у беларускага народа. Ён не проста пайшоў на саступкі Расеі, ён стварыў магчымасць прысутнасці і дзеяння расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Тыя, хто кажуць, што падпісанне пагаднення толькі замацавала існуючы стан рэчаў, уводзяць у зман беларусаў, паколькі юрыдычна замацаваны ўдзел Беларусі ў ваенных планах Расеі стварае прававую сітуацыю, пры якой Расея для рэалізацыі сваіх імперскіх інтарэсаў можа выкарыстоўваць любыя метады.

Сілы аператыўнага рэагавання – гэта не што іншае, як расейскія войскі, якія таксама атрымліваюць свабоду дзеянняў на тэрыторыі іншых краінаў, у тым ліку і ў Беларусі. Раней Расея прыкрывала свае дзеянні мандатам так званых міратворчых сілаў СНД, якія на самой справе толькі ўзмацнялі канфлікты. Сёння Крэмль вырашыў узняць сваю ваенную прысутнасць у рэгіёне СНД на больш высокі ўзровень і шляхам нязначных саступак па эканамічных пытаннях стварыў для сябе магчымасць для абароны патрэбных яму аўтарытарных рэжымаў. Лукашэнка паддаўся ціску Крамля свядома, яго мэта выратаваць сваю ўладу, хай нават шляхам здачы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Я думаю, што апошнія дзеянні Лукашэнкі павінны працверазіць еўрапейскіх палітыкаў, якія дагэтуль спадзяюцца яго «выправіць». Глабальны крызіс, як ні дзіўна, дае дэмакратычным дзяржавам больш інструмантаў уплыву на дыктатарскія рэжымы, чым у эканамічна спакойныя часы. Падпісаўшы небяспечныя пагадненні з Расеяй, Лукашэнка адправіў свайго прадстаўніка Мартынава ў найбуйнейшую дзяржаву Еўразвяза, Нямеччыну, у надзеі працягнуць «палітыку абяцанняў» узамен на заходнія крэдыты. Я спадзяюся, што з Мартынавым будуць размаўляць прадстаўнікі не Нямеччыны Герхарда Шродэра, кіраўніка аднаго з праектаў «Газпрама», а афіцыйныя асобы буйной еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы, якія не могуць не бачыць, што падобныя дзеянні Лукашэнкі ствараюць пагрозу бяспецы ЕЗ.»

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках