16 лiстапада 2024, Субота, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жывы шчыт» гэтым разам не выстаўлялі

21

Амаль дзве гадзіны на трасе Менск – Гародня працягвалася гонка за п'яным таксістам са сталіцы.

Нягледзячы на мацнейшы туман, таксіст нёсся па трасе з хуткасцю да 200 кіламетраў у гадзіну. Некалькі разоў супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спрабавалі перахапіць 29-гадовага менчука на розных пастах ДАІ. Спыніць «шумахера» атрымалася толькі ў Лідскім раёне з дапамогай «вожыка», паведамляе «Вечерний Гродно».

Як стала вядома, сталічны таксіст пачаў гонку каля адзінаццаці гадзін вечара. Кіруючы аўтамашынай «Фольксваген-Туран» 2008 года выпуску, ён не падпарадкаваўся патрабаванням менскіх інспектараў аб прыпынку і паспрабаваў схавацца. З праспекта Прытыцкага, сыходзячы ад пагоні, кіроўца выехаў на аўтадарогу М-6.

Нарад спецпадпаддзялення «Страла» рухаўся за ім з уключанымі пробліскавымі маячками блакітнага і чырвонага колеру. У Валожынскім раёне аўтамашыну спрабавалі спыніць мясцовыя інспектары ДПС. Аднак гоншчык зноў прарваўся, ледзь не сутыкнуўшыся пры гэтым з патрульным аўтамабілем.

Калі «Фольксваген» заехаў на тэрыторыю Гарадзенскай вобласці, было прынятае рашэнне выкарыстаць адмысловы сродак «Вожык-дыяна». Для гэтага задзейнічалі тры нарады лідскіх вартавых дарог. Палатно з металічнымі шыпамі распасцерлі недалёка ад павароту на Ліду. Пры гэтым два нарады блакавалі пад'езд транспарта да месца затрымання.

Прабіўшы адно з колаў, гоншчык нарэшце спыніўся. Кіроўца быў у стане алкагольнага ап'янення. На яго склалі тры адміністрацыйных пратаколы, па кожным з якіх прадугледжваецца пазбаўленне правоў. Дарэчы, менчука да гэтага двойчы пазбаўлялі правоў на кіраванне транспартным сродкам: у 2000 годзе ён быў затрыманы пры кіраванні аўтамабілем у нецвярозым стане, а ў 2008 годзе яго адхілілі ад кіравання на паўгады за пакіданне месца ДТЗ.

Нагадаем, 2 сакавіка 2008 года на ўездзе ў Менск са Слуцкай шашы быў створаны «жывы шчыт» — кардон з прыватных аўтамабіляў, з дапамогай якога міліцыянты спрабавалі спыніць нецвярозага кіроўцу Рамана Менцюка, які імчаўся ў горад на хуткасці больш за 160 кіламетраў у гадзіну. Адбылася аварыя, пацярпелі людзі, былі пашкоджаныя чатыры аўтамабіля. У чэрвені суд Менскага раёна прызнаў Генадзя Дарагакупца і Аляксея Ліхтаровіча вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і прысудзіў да ўмоўнага зняволення на 2 гады. Асуджаных звольнілі з міліцыі, яны дагэтуль не могуць знайсці працу.

На судзе Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч вінаватымі сябе не прызналі і казалі, што выконвалі загад «аб спыненні руху». Кіраўніцтва ДАІ публічна прасіла прабачэння за памылковыя дзеянні падчас «жывога шчыта».

Суд Менскага раёна і Заслаўля прысудзіў Рамана менцюка да 5 год пазбаўлення волі, прызнаў яго вінаватым па частцы другой артыкула 317 КК Беларусі (парушэнне Правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага целавага пашкоджання).

Касацыйную скаргу, якую падала адвакат асуджанага Алена Маісеня, суд адхіліў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках