15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць Мікалая Аўтуховіча рыхтуецца відэаправакацыя?

14

Хуткім часам па Беларускім тэлебачанні па «справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» могуць паказаць прызнацельны відэазапіс нейкай «сведкі».

Судзячы па ўсім, гэта і ёсць чацвёрты арыштаваны, аб якім паведамляе МУС, але аб якім нічога не вядома грамадскасці.

«Сведка знаходзіцца за кратамі па факту замаху на аднаго з палітыкаў, - паведаміла крыніца «Беларускаму партызану». - Пры ператрусе ў яго былі сапраўды знойдзеныя гранатамёт і некалькі аўтаматаў. Мужчына прадстаўляецца былым целаахоўнікам Мікалая Аўтуховіча. Па маёй інфармацыі, ужо падрыхтаваны відэазапіс з прызнацельнымі паказаннямі гэтага чалавека. Зразумела, што не ў карысць Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Пакуль «справу Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» вядзе той жа следчы, што і справу аб выбухах у ноч з 3-га на 4-е ліпеня…»

«На конт таго, што ў Мікалая быў нейкі целаахоўнік, -- гэта нейкае трызненне», -- сцісла пракаментавала гэтую інфармацыю жонка Мікалая Аўтуховіча Алена.

А вось праваабаронца Алег Воўчак, якога таксама папрасілі ацаніць версію, якая з’явілася, не выключае таго, што такі сцэнар магчымы.

- Мы пачалі сваё незалежнае расследаванне, і правяраем любую інфармацыю, якая да нас трапляе, - кажа ён. - І нам ужо з самага пачатку было паведамлена, што ў справе будуць «сведкі», якія заявяць, што Аўтуховіч датычны да злачынстваў. Таксама мы ведаем, што гэта «сведкі» сядзяць на пэўным «кручку» МУС. Гэта значыць, у людзей ёсць праблемы з законам, і іх пасля выкарыстаюць для такіх акцый у абмен на патуранне з боку праваахоўных органаў. Калі відэазапіс апублікуюць, то, хутчэй за ўсё, гэтую «сведку» пакажуць альбо «без твару», альбо са спіны. Яшчэ мне вельмі дзіўна, што падоўжыў тэрмін утрымання пад вартай затрыманых ці тое сам генеральны пракурор, ці тое ягоны намеснік. Хоць упраўленне інфармацыі МУС заявіла, што Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка затрыманыя за падпалы дамоў у Ваўкавыскім раёне. Вы дзе-небудзь бачылі, каб падпалы ў раёне курыраваў генпракурор!? Акрамя таго, у групе па справе працуюць вельмі высокія чыны - старэйшы следчы следчага ўпраўлення Гарадзенскага аблвыканкама, следчы Галоўнага аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС РБ… Таму мая здагадка, што каманду "Алмазу" ехаць на затрыманні таксама мог даць толькі міністр унутраных спраў. Значыць ён валодаў усёй сітуацыяй і браў на сябе ўсю адказнасць. Аднак я знаёміўся з дакументамі. У пратаколе ператрусу нават і намёкаў на выбуховыя рэчывы няма. Так што нават калі нам пакажуць "прызнацельныя паказанні сведкі" са спіны, то гэта будзе правалам аперацыі. І не дэмакратычныя сілы павінныя былі ўчора праводзіць прэс-канферэнцыю, а Пракуратура, якая пакуль маўчыць. Але ў такім разе іхняе маўчанне і сумневы працуюць на карысць абвінавачваным. Што датычыцца целаахоўніка Аўтуховіча, то, наколькі я ведаю, яго ў яго ніколі не было. Мікалай прайшоў "Аўган", і сам за сябе мог пастаяць. А нам казаў так: "Я - сумленны, а сумленнаму баяцца няма чаго і няма каго".

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках