14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Больш за 50 «афганцаў» адмовіліся ад медалёў Лукашэнкі

34

У дзень 20-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана беларускія воіны-інтэрнацыяналісты ў знак пратэсту адмаўляліся ад юбілейных медалёў.

Больш за 50 чалавек накіравалі ў гэтай сувязі зварот да Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага. Аб гэтым сайту ucpb.org паведаміў адзін з кіраўнікоў аб'яднання «Абаронцы айчыны», праваабаронца Алег Воўчак.

Зварот да кіраўніцтва краіны з патрабаваннем вяртання сацыяльных гарантый падпісалі былыя ўдзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане з розных рэгіёнаў Беларусі.

«Некаторыя «афганцы», якія прысутнічалі на сходах, дзе ўзнагароджвалі медалямі, заставаліся сядзець у залі, але не выходзілі іх атрымліваць. З-за такога маўклівага пратэсту яшчэ шматлікія медалі застануцца ў ваенкамаў», - лічыць Алег Воўчак.

Журналісту і былому афіцэру КДБ Сяргею Аніська 13 лютага прыйшла паштоўка, у якой яго запрашалі 9 лютага на ўручэнне юбілейнага медалю «20 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана». «На паштоўцы было некалькі штампаў, гэта значыць спецыяльна зацягнулі ейную дастаўку. Калі яму потым патэлефанавалі па тэлефоне і прапанавалі забраць медаль, ён сказаў, што цяпер тым больш не прыйдзе», - распавёў Алег Воўчак.

Тое, як улада адносіцца да «афганцаў» у Беларусі, па ягоных словах, «гэта ганьба для Лукашэнкі, гэта б'е па іміджу ўлады. Такога стаўлення да «афганцаў» няма нідзе».

Па меркаванні Алега Воўчака, у сувязі з 20-годдзем заканчэння вайны ў Афганістане можна было б арганізаваць сустрэчу для воінаў-інтэрнацыяналістаў, напрыклад, у Палацы Рэспублікі. «Улады баяцца, што могуць быць эксцэсы, - лічыць ён. - Палітыка зразумелая: каб усе «афганцы» разам не сабраліся і каб там не адбылося непажаданай размовы і папрокаў як у адрас кіраўніцтва краіны, так і да кіраўнікоў афганскага руху».

У Менску 14 лютага на выспе Мужнасці і жалю, дзе ўсталяваны помнік воінам-інтэрнацыяналістам, адбыўся афіцыйны мітынг.

«Хоць ён павінен праходзіць 15 лютага, у афіцыйны Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, - сказаў Алег Воўчак. - Але яго ўпершыню правялі раней таму, што кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якое падтрымлівае Лукашэнку, едзе адзначаць гэтую дату заўтра ў Маскве. Масква для кагосьці даражэй, чым свае салдаты. А сёння на «Выспу слёз» будуць проста прыходзіць людзі, каб ушанаваць памяць загінулых».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках