14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны беларус ужо павінен замежным крэдыторам па 1,5 тысячы даляраў

14

Улады заганяюць Беларусь у «даўгавую яму». Даўгі перакладаюцца на плечы простых грамадзянаў.

У Беларусі імкліва скарачаюцца золатавалютныя рэзервы. Эксперты сходзяцца ў тым, што тэмпы скарачэння неабходна спыніць як мага хутчэй, але як гэтага дамагчыся практычна, адзінага меркавання няма.

Па паўтары тысячы на брата

Золатавалютныя рэзервы беларускай дзяржавы са жніўня па студзень скараціліся з 4,1 мільярда даляраў да 2,4 мільярда, гэта значыць амаль у два разы. І, мяркуючы па ўсім, працэс скарачэння працягнецца. У пэўнай меры праблемы з валютай зараз уладам дапамагаюць вырашаць замежныя крэдыты, перадае «Нямецкая хваля».

Аднак, як паведаміў нядаўна на паседжанні Клуба журналістаў у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Раў дэкан эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Кавалёў, кожны беларус ужо павінен замежным крэдыторам краіны па паўтары тысячы даляраў.

Пры гэтым, у сярэднім кожны жыхар краіны мае зберажэнні ў банках у памеры каля 500 даляраў. У той жа час, гандлёвы баланс краіны застаецца ўстойліва адмоўным, а, значыць, валюта па-ранейшаму будзе вымывацца з Беларусі.

Абмежаванне імпарту ці дэвальвацыя?

Кажучы пра магчымасці спынення такога вымывання, Міхаіл Кавалёў заявіў, што ён не прыхільнік якіх-небудзь абмежаванняў на продаж валюты.

«Адзінае выйсце з сітуацыі – рэзка падвысіць продажы беларускіх тавараў унутры краіны», - падкрэсліў Кавалёў.

Незалежны эканаміст Васіль Шлындзікаў лічыць, што абмежаванне імпарту вядзе да з'яўлення дэфіцыту тавараў, вынікам якога становіцца спекуляцыя. У цяперашняй сітуацыі, на погляд Шлындзікава, захаваць валютныя рэзервы дазволіць далейшая дэвальвацыя беларускага рубля. Вядома, добра было б, каб павялічыліся і продажы беларускіх тавараў за мяжой, але такое развіццё падзеяў здаецца Шлындзікаву вельмі малаверагодным.

Падвышэнне вытворчай эфектыўнасці

Па словах незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава, адміністрацыйнымі мерамі абараніць валютныя рэзервы нельга. Злотнікаў таксама ўпэўнены, што немагчыма на нейкі доўгі перыяд штучна падвысіць пакупніцкую здольнасць рубля.

А адміністрацыйныя ж абмежаванні на продаж валюты, на думку эканаміста, прывядуць да з'яўлення «чорнага» рынка, росту карупцыі, і ізноў-ткі, да дэвальвацыі рубля. Злотнікаў зазначыў, што валютна-фінансавыя адносіны – гэта вытворная ад эфектыўнасці ўсёй эканамічнай сістэмы краіны. І зараз, упэўнены Леанід Злотнікаў, неабходна ўсімі спосабамі падвышаць эфектыўнасць гэтай сістэмы. Гэта значыць рабіць беларускую прадукцыю канкурэнтаздольнай.

Заўвага www.charter97.org: Варта адзначыць, што з кастрычніка 2008 года ўлады баяцца паведамляць сумарны знешні доўг Беларусі. Па ацэнках экспертаў, сумарны знешні доўг дзяржавы, банкаў і прадпрыемстваў перавысіў 20 мільярдаў даляраў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках