15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рахункі «Амкадору» ў банках арыштаваныя

5

Наступствы крызісу ўсё больш адчувальныя для буйных прадпрыемстваў Менску.

На шэрагу аб’ектаў скарочаны працоўны тыдзень, пачасьціліся затрымкі з выплатай заробкаў, цалкам ці часткова згорнутыя экспартныя пастаўкі, звальняюцца работнікі, якія сталі лішнімі, паведамляе «Радыё Свабода».

Першым пра трохдзённы графік працы абвясьціла кіраўніцтва Менскага аўтазаводу. Ад сакавіка гэтую эстафэту падхопіць Менскі завод колавых цягачоў. Чатырохдзёнка — на Менскім маторным заводзе і заводзе ацяпляльнага абсталяваньня. Практычна ўва ўсіх выпадках прадпрыемствы працуюць на склад, што вядзе да замарожваньня абаротных сродкаў. Гэта, у сваю чаргу, спрычынілася да складанасьцяў з выплатай заробкаў.

“Па заробку ўжо ідзе затрымка, авансу нам не заплацілі. І ў бліжэйшым часе не плянуецца зарплата ўвогуле. Рахункі “Амкадору” ў банках арыштаваныя, і што будзе з заробкамі — невядома. Увогуле наша тэхніка прадаецца пад заклад: банкі даюць крэдыты, а потым мы ўжо вяртаем іх пасьля продажу. А як у нас няма продажу, пакупнікі не бяруць, то банку няма чым вяртаць. Яны нам не даюць крэдыты, і з-за гэтага заробку пакуль не прадбачыцца. З цэху прадукцыя выпускаецца — некаторыя віды. А некаторыя наўпрост кіруюцца на склад. Хіба толькі асобныя віды прадаюцца, а большасьць ідзе на склад. Склады забітыя цалкам ”, -расказвае майстар цэху заводу па вырабе спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор”.

Не дае асаблівага плёну разрэклямаваны праект супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. Як кажа суразмоўца, у мінулым годзе за акіян было адпраўлена тры дзясяткі спэцмашын, аднак цяпер і гэты сьціплы экспарт прыпынены.

Паводле Агенцтва дзелавых сувязяў, за 2008 год іншае стратэгічнае прадпрыемства — Менскі маторны завод — рэалізавала спажыўцам блізу 124 тысяч дызэльных рухавікоў, што крыху перавышае 90% да ўзроўню году папярэдняга. Па словах генэральнага дырэктара Мікалая Лобача, зьніжэньне продажу зьвязана найперш з уплывам сусьветнага крызісу — у апошнім квартале 2008 году ў Расеі, на якую перадусім завязанае прадпрыемства, рэзка скараціліся аб’ёмы вытворчасьці аўтамабільнай тэхнікі.

Паступова затаварваюцца склады вытворчага аб’яднаньня “Атлант”. І калі лядоўні яшчэ маюць адносна стабільны збыт у Расеі, то, прыкладам, пральныя машыны з канвэеру наўпрост вязуць на склад.

“Па пральных машынах склады затавараныя ў нашмат большай ступені. Як паказьнік — да нас на галаўную вытворчасьць з гэтага месяца, зь лютага, адправілі частку людзей з Шабаноў, дзе месьціцца завод пральных машын. Напачатку году крыху разгрузіцца дапамог ажыятаж на бытавую тэхніку, у прыватнасьці, на лядоўні. Тады людзі масава скуплялі нават “Гарызонты”, нашы “Атланты”, якія ў прынцыпе ніхто асабліва не набываў, куплялі толькі імпартную прадукцыю. А цяпер попыт спыніўся. Таму, мабыць, збываюцца прагнозы экспэртаў, якія прадказвалі, што 2009-ты будзе вельмі складаны для прамысловасьці”, -- расказвае адзін з рабочых “Атланту”.

Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч лічыць, што ўплыў крызісных фактараў узмацняе шчыльная эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Экспартны складнік прамысловага сэктару Беларусі на 80—90% залежыць ад расейскіх спажыўцоў, якія цяпер самі ў складаным становішчы:

“Я ўжо ў многіх сваіх артыкулах пісаў: завязка на адну краіну, як у нашым выпадку, — гэта самае страшнае, што можа быць для дзяржавы. Гэта страта эканамічнага сувэрэнітэту, рэальнага. А за ім — і палітычны сувэрэнітэт пераўтвараецца ў фармальнасьць. Нам трэба было б дывэрсыфікаваць напрамкі супрацоўніцтва, але мы пра гэта толькі гаворым. На самой жа справе працуем толькі з Расеяй. Апошнім часам крыху Эўропа нібыта далучылася, але ж ня трэба было дагэтуль з Эўропай так сварыцца, каб страціць там практычна ўсе рынкі”.

Крызіс закрануў і іншыя галіны гаспадараньня. Так, з падзеньнем аб’ёму перавозак пачало разглядацца пытаньне аб пераводзе на чатырохдзённы працоўны тыдзень некаторых катэгорый працаўнікоў Беларускай чыгункі. Абвешчана пра скарачэньне штату ў сетцы ўнівэрсамаў “Рублёўскі”. Гарадзкі малаказавод № 1 рыхтуецца да ліквідацыі і наступнага аб’яднаньня з ГМЗ № 3, у зьвязку з чым тут таксама пачаліся скарачэньні пэрсаналу. Лішнія людзі зьявіліся і ў страхавой кампаніі “Бролі”.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках