29 снежня 2024, Нядзеля, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Мы будзем дамагацца змены ўлады»

43
Андрэй Саннікаў: «Мы будзем дамагацца змены ўлады»

«Любое змякчэнне адносінаў да дыктатарскага рэжыма Лукашэнкі ў Еўропе вядзе да новых жорсткіх рэпрэсій унутры Беларусі», -- заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Учора Андрэй Саннікаў прыняў удзел у акцыі салідарнасці з арыштаванымі лідэрамі прадпрымальнікаў Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкай. Акцыя была жорстка разагнаная супрацоўнікамі міліцыі і АМАПа, шматлікія ейныя ўдзельнікі збітыя.

Па меркаванні лідэра «Еўрапейскай Беларусі», збіццё людзей падчас мірных акцый 14 лютага і Дня беларускай салідарнасці 16 лютага сведчыць аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не збіраецца нічога мяняць у сістэме сваёй улады.

«Беларускаму рэжыму патрэбныя еўрапейскія грошы і легалізаванне дыктатуры, таму за дабратворнымі заявамі аб лібералізацыі не рушыць услед ніякіх пэўных крокаў. Спроба закрыць вочы на характар рэжыму Лукашэнкі, як з боку некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў, так і з боку і некаторых прадстаўнікоў апазіцыі, ні да чаго не прывядзе. Лукашэнка будзе працягваць рэпрэсіі супраць апазіцыі, разлічваючы на тое, што еўрапейцы прамаўчаць і тым самым стануць з ім на адну дошку. У такім разе яму будзе прасцей дамаўляцца з людзьмі, якія здрадзілі прынцыпам дэмакратыі і абароны правоў чалавека», -- заяўляе Андрэй Саннікаў.

Па меркаванні палітыка, у гэтай сувязі паказальным з'яўляецца цяперашні візіт дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, не якая пажадала сустрэцца з «Маладым Франтам», актывістаў якога збівалі 14 лютага.

«Прадстаўнікі ПАСЕ маглі бы з'явіцца ўчора на плошчы і прадухіліць новыя збіванні. Але ім, мабыць, важней пачуць, як прадстаўнікі ўлады распавядаюць ім аб «лібералізацыі», -- лічыць Андрэй Саннікаў.

«Мірныя акцыі 14 і 16 лютага паказалі, што рэальная апазіцыя ў Беларусі існуе, толькі ў яе знаходзіцца ключ да дэмакратызацыі краіны. Мы будзем салідарныя з усімі дэмакратамі, правы якіх парушаюцца, будзем рашуча змагацца за спыненне палітычных рэпрэсій і вызваленне нашых таварышаў, якія сёння сядзяць у турмах. Менавіта з гэтай апазіцыяй прыйдзецца мець справу і ўладам, і Еўропе. Менавіта гэтая апазіцыя сёння берэ на сябе ролю сацыяльнай абароны беларускага народа.

Рэжым Лукашэнкі будзе траціць любыя заходнія грошы на захаванне сваёй рэпрэсіўнай сістэмы, а не на пошукі выйсцяў з крызісу. Рэальная апазіцыя ў Беларусі ніколі не пойдзе на змову з цяперашнім палітычным рэжымам, і будзе дамагацца змены ўлады. Толькі такім чынам Беларусь зможа змякчыць наступствы цяперашняга крызісу і знайсці выйсце з цяжкай эканамічнай сітуацыі», -- заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках