29 снежня 2024, Нядзеля, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хаўер Салана сустрэўся з Мілінкевічам і Казуліным

14
Хаўер Салана сустрэўся з Мілінкевічам і Казуліным

19 лютага праходзіць візіт у Беларусь вярхоўнага прадстаўніка па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі ЕЗ Хаўера Саланы.

Свой дзень у Менску камісар ЕЗ пачаў з сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі, у якую выйшлі былы палітвязень Аляксандр Казулін, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, праваабаронца Алена Танкачова, эканаміст Павел Данэйка, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Аляксандр Казулін на сустрэчы з Хаўерам Саланай распавёў аб з'яўленні ў Беларусі новых палітвязняў – нядаўна былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі. Палітык таксама распавёў камісару ЕЗ аб жорсткім разгоне ў Менску акцый апазіцыі 14 лютага і ў Дзень беларускай салідарнасці 16 лютага. Падчас гэтых акцыях былі збітыя дзясяткі мірных дэманстрантаў.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна распавяла на сустрэчы аб сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

«У першую чаргу я звярнула ўвагу спадара Саланы, што тыя крокі, якія зрабілі беларускія ўлады насустрач Еўропе - правядзенне круглых сталоў па абмеркаванні новага закона аб СМІ, адмена рэгістрацыі інтэрнэт-выданняў, вяртанне двух незалежных беларускіх выданняў у сістэму распаўсюду – не прывялі да кардынальных, радыкальных змен сітуацыі са СМІ у Беларусі.

Я сказала, што самыя глабальныя праблемы па-ранейшаму застаюцца. Захоўваецца дзяржаўная манаполія на большасць друкаваных і электронных СМІ. Беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі выконваюць прапагандысцкую ролю. Я сказала спадару Салане, што гэта тыя ўмовы, пры якіх нельга праводзіць паўнавартаснага дыялогу. Усе яны тармазяць шлях да лібералізацыі.

Падчас сустрэчы я сказала, што неабходнае зняцце блакады з распаўсюджвання незалежных інфармацыйна-палітычных газет. Нас вельмі хвалюе закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ягонае ўжыванне да беларускіх журналістаў. У канцы нашай сустрэчы мы ўручылі спадару Салане зварот аб сітуацыі са СМІ у Беларусі, які склала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У сваім заключным слове Хаўер Салана заявіў, што Еўразвяз будзе надаваць увагу сітуацыі са свабодай слова і выказванняў у Беларусі», -- распавяла Жана Літвіна ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Сёння таксама запланаваныя перамовы дэлегацыі Еўразвяза з Аляксандрам Лукашэнкай, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках