15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка-Салане: «Мы павінныя выключыць з нашых адносінаў усіх пасярэднікаў»

26

Аляксандр Лукашэнка выступае за развіццё супрацоўніцтва з Еўразвязам без пасярэднікаў як унутры краіны, так і за ейнымі межамі.

"Я бы вельмі прасіў вас, каб у нашых адносінах мы паспрабавалі выключыць усялякіх пасярэднікаў, якія недобразычліва адносяцца да нашай краіны. Пасярэднікаў як унутры краіны, так і за ейнымі межамі. А іх нямала", - заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з вярхоўным прадстаўніком па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі ЕЗ, генеральным сакратаром Рады ЕЗ Хаўерам Саланай.

Па словах А.Лукашэнкі, у яго склалася ўражанне, што "цяперашні стан адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам характарызуецца наяўнасцю нейкага гандлю як у эканоміцы, так і ў палітыцы". "Дыялог у выглядзе гандлю непазбежны ў палітыцы, але не пажаданы. Гэта не трэба, таму Еўразвяз разумее, што такое Беларусь для Еўропы з пункту гледжання палітыкі і эканомікі", - адзначыў беларускі кіраўнік.

"Галоўнай мэтай цяперашняй сустрэчы я стаўлю тое, каб з першых вуснаў выказаць усё, што мы гатовыя зрабіць для шчыльных, даверных адносінаў паміж нашай краінай і Еўразвязам", - сказаў А.Лукашэнка.

Беларускі дыктатар заявіў, што паспрабуе на фактах пераканаць, што "Беларусь праводзіць шчырую палітыку ў адносінах з ЕЗ". А.Лукашэнка таксама мае намер разупэўніць ЕЗ у тым, што нібыта ў Беларусі "сёння няма выйсця акрамя як збегчы ў адзін бок, і падманваць еўрапейцаў, ЕЗ". "Я прыхільнік шчырай і сумленнай палітыкі. І як бы не было горка, але мы будзем казаць праўду - што мы можам зрабіць, а што не", - падкрэсліў А.Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік падзякаваў Х.Салане за тое, што ён зрабіў для наладжвання "нашых добрасуседскіх адносінаў з Еўропай". "Зыходзячы з атрыманай інфармацыі і асабістых уражанняў, магу сказаць, што без вас не было бы цяперашняй гутаркі і таго пацяплення, якое складаецца ў нас", - адзначыў ён.

Са свайго боку Х.Салана адзначыў, што ЕЗ разглядае Беларусь як еўрапейскую краіну. "Перакананы, што нашая сённяшняя гутарка будзе канструктыўнай і карыснай для нашых адносінаў. Я таксама буду з вамі абсалютна шчыры", — сказаў Х.Салана.

Па ягоных словах, увесь свет зараз спрабуе пераадолець наступствы эканамічнага крызісу, які будзе мець і глабальныя палітычныя наступствы. "Я думаю, што прыйшоў час і гэта абгаварыць у нашых адносінах", — заявіў прадстаўнік ЕЗ.

Х.Салана прыбыў у Менску позна ўвечары 18 лютага. Гэта першы візіт у Беларусь еўрачыноўніка такога ўзроўня. Акрамя афіцыйных перамоваў ён сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках